Чэрыкаў – новы эпіцэнтр эпідэміі


Белсат Zoom – новая праграма ў інфармацыйным вяшчанні. У цэнтры ўвагі – эпідэмія каронавірусу. Каментары з месца падзеяў. Ацэнкі экспертаў. Мы здабываем інфармацыю там, дзе прымушаюць маўчаць.

Каронавірус дабраўся да Пружанаў

У Пружанскім раёне выявілі першыя 10 выпадкаў каронавіруснай інфекцыі. Пра гэта паведаміў галоўны доктар цэнтральнай раённай больніцы Віктар Дараневіч у інтэрвʼю газеце «Раённыя будні». Адзін з іх змешчаны ў бокс інфекцыйнага аддзялення, дзевяць чалавек застаюцца на самаізаляцыі. Усяго ж, паводле галоўнага доктара Пружанскай ЦРБ, у раёне 12 чалавек захварэлі на бактэрыяльную пнеўманію.

Ашмяны: у ксяндза выявілі каронавірус

Пробашч ашмянскай каталіцкай парафіі, ксёндз Ян Пузына хворы на каронавірусную інфекцыю. Цяпер ён у шпіталі, святар ідзе на папраўку. Пра гэта паведамляе Гарадзенская курыя. У касцёлах Ашмянаў і навакольных вёсак уведзены каранцін. Разам з тым храмы застаюцца адчыненыя для тых, хто хоча памаліцца індывідуальна. Пасля таго, як ксёндз Ян Пузына трапіў у шпіталь, удзельнікаў богаслужэння з удзелам пробашча масава праверылі на наяўнасць каронавіруса.

Школьныя алімпіяды ўсё ж будуць

Рэспубліканскія алімпіяды па школьных прадметах усё ж адбудуцца, паведамляе TUT.BY. Што праўда, вучэбныя спаборніцтвы закрануць толькі 11 класы. Дыплом пераможцы дазволіць будучым выпускнікам паступаць у ВНУ без экзаменаў. Уласна самі алімпіяды пройдуць у традыцыйным фармаце, заключны этап распачнецца 12 траўня. У некаторых рэгіёнах папярэдне праводзілі апытанні сярод алімпіяднікаў з розных класаў – да прыкладу, пыталіся, ці гатовыя яны ехаць у іншы горад, каб пісаць заданні. Некаторыя школьнікі адмовіліся ад такога фармату правядзення алімпіяды.

Фота: vetliva.by