Чаму статыстыка па ковід-19 рэзка змянілася?


Белсат Zoom – новая праграма ў інфармацыйным вяшчанні. У цэнтры ўвагі – эпідэмія каронавірусу. Каментары з месца падзеяў. Ацэнкі экспертаў. Мы здабываем інфармацыю там, дзе прымушаюць маўчаць.

Генеральная пракуратура Беларусі забараніла выпускаць звычайныя марлевыя маскі, бо яны не здольныя засцерагчы ад каронавіруснай інфекцыі, паведамляе тэлеграм-канал «Нехта». Адпаведны ліст наглядны орган скіраваў у «Беллёгпрам».

Марлевыя маскі без фільтравальнага элемента пастаўляліся, да прыкладу, у сталічны шосты шпіталь, які прымае хворых на каронавірус і кантакты першага ўзроўню. Таксама пракуратура просіць канцэрн «Беллёгпрам» улічваць міжнародныя стандарты і наладзіць выраб масак з выкарыстаннем фільтраў бактэрыялагічнага бар’еру.

6 гарэлачных заводаў прадукуюць антысептыкі

Ужо шэсць лікёра-гарэлачных заводаў прадукуюць антысептыкі. Гаворка аб прадпрыемствах, што ўваходзяць у холдынг «Менск Крышталь Груп». Для пяці з іх гэта новая, дадатковая прадукцыя, паведамляе радыё «Свабода».

Раней міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік заяўляў, што айчынныя лікёра-гарэлачныя заводы мусяць вырабляць 23 тоны антысептыкаў штодзень.

Пазнакі на ступнях – сімптом каронавіруса?

Пазнакі на ступнях могуць сведчыць пра наяўнасць каронавіруса, заяўляюць іспанскія ды італьянскія медыкі, паведамляе Бі-Бі-Сі.

Адмыслоўцы заўважылі, што ў некаторых пацыентаў назіраюцца меткі на ступаках, падобныя да невялікіх сінякоў ці прышчыкаў ад вятранкі. Найчасцей яны назіраюцца ў дзяцей. Паводле італьянскага медыка Маццоты Траколі, такія пазнакі мае прыблізна кожны пяты пацыент з каронавірусам. Такім чынам, калі метадам далейшых назіранняў давядзецца пацвердзіць, што гэткія меткі – клінічная прыкмета «Ковід-19», то яе можна будзе выкарыстоўваць для выяўлення дзяцей, у якіх няма іншых сімптомаў хваробы.

Калаж з фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum