Чаму Лукашэнка не ўключае БелАЭС? «ПраСвет» з Алінаю Коўшык


БелАЭС нязгоды: як Астравец пасварыў Менск і Маскву

У адносінах паміж Расеяй і Беларуссю з’явілася новая кропка напружання – Беларуская АЭС. Пабудова гэтае станцыі мела знізіць нашу залежнасць ад газу ды спыніць штогадовыя спрэчкі вакол кантрактаў на блакітнае паліва. Хацелі як лепш, а выйшла як заўсёды. У выніку сцэнар, у якім Беларусь адкладзе запуск Астравецкай АЭС на нявызначаны тэрмін, можа прынесці Менску тыя ж бонусы, што і запуск АЭС. Разбіраўся Ігар Кулей.

Міністр абароны Латвіі: Беларусь – вельмі добры сусед

Адносіны паміж Латвіяй і Беларуссю – добры прыклад таго, як маглі скласціся адносіны паміж Латвіяй і Расеяй. Такую думку міністр абароны Латвіі Артыс Пабрыкс выказаў у размове з маім калегам Сяргеем Пелясою. Якія пагрозы найбольш актуальныя сёння для Латвіі, што такое стратэгія абароны вожыка, і што афіцыйная Рыга думае пра перспектыву падпісання дамовы паміж Беларуссю і NATO? Адказы ў інтэрв’ю са штаб-кватэры Паўночнаатлантычнага альянсу ў Брусэлі.

Пампезна, але амаль безвынікова. Што прынёс візіт Лукашэнкі ў «аазіс стабільнасці»?

З выспы стабільнасці ў аазіс. Аляксандр Лукашэнка з афіцыйным візітам наведаў Егіпет. У адрозненне ад перамоваў у Сочы, гэтым разам кіраўнік краіны не скупіўся на цёплыя словы свайму суразмоўцу. Што чакае Менск ад супрацы з Каірам, і ці стане Егіпет габам на рынак усёй Паўночнай Афрыкі высвятляў Аркадзь Несцярэнка.

Палкоўнік Леанід Спаткай пра Беларусь у ТОП-10 мілітарызаваных дзяржаваў

Звычайна ў розных сусветных рэйтынгах Беларусь займае апошнія месцы, але тут выйшла неспадзяванка. Беларусь апынулася на 9-м радку ў штогадовым глабальным індэксе мілітарызацыі, апублікаваным Бонскім міжнародным цэнтрам канверсіі. Як магчыма, што мы апярэдзілі ЗША і Нямеччыну? Разбярэмся разам з палкоўнікам запасу, вайсковым экспертам Леанідам Спаткаем.

Галоўнае – без панікі! Ці каронавірус самы небяспечны?

Пік эпідэміі віруса «Ковід-19» дасягнуты… магчыма. Сусветная арганізацыя здароўя выказвае асцярожны аптымізм. У гэты чацвер зафіксавалі мінімальны паказнік захворвання за ўвесь апошні месяц. Але страх перад вірусам не спадае. Выпадкі варожасці як у дачыненні да кітайцаў увогуле, гэтак і супраць асобаў з адным толькі падазрэннем на захворванне – адбываюцца нават у нашай краіне. Яшчэ больш паказальнымі былі падзеі ва ўкраінскіх Новых Санжарах. Тым часам ужо зразумела, што каронавірус – толькі самая медыйная, але далёка не самая страшная бяда, што пагражае чалавецтву. Матэрыял Усевалада Шлыкава.

Менскія мірныя дамоўленасці пад пагрозай

Украіна ўзгадвала Герояў Нябеснай Сотні. Прайшло шэсць гадоў пасля брутальнага абстрэлу ўдзельнікаў рэвалюцыі годнасці на Майдане. Пасля гэтых драматычных падзеяў Вярхоўная Рада выкрасліла Віктара Януковіча з пасады прэзідэнта… Ва Украіны анексавалі Крым, а на акупаваным ўсходзе дзяржавы ўсё яшчэ працягваюцца баі. У мірным працэсе на Данбасе свая роля ёсць і ў Беларусі. Сюжэт Юліі Цяльпук.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:20. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілях у Facebook і «Аднакласніках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.