Чаму беларускія вёскі застаюцца без грошай?


Беларусы часцяком змушаныя прасіць кіраўніка дзяржавы, каб праклалі водаправод у вёсцы, – мясцовыя сельсаветы не ў стане вырашыць гэтай праблемы. Чаму беларуская вёска ў заняпадзе? Як сітуацыя выглядае ў нашых суседзяў – украінцаў? Ці дапамаглі ім рэформы адрадзіць сяло – глядзіце ў праграме «Давайце разбірацца».

Калі вы жывяце ў беларускім гарадку ці вёсцы, якія статусам ніжэйшыя за райцэнтр, у вас няма ўласных грошай на паляпшэнне мясцовай інфраструктуры. Лакальныя праблемы беларускіх вёсак на ўзроўні мясцовай адміністрацыі развязаць немагчыма, бо ў Беларусі няма незалежных мясцовых бюджэтаў.

«У нас звышцэнтралізаваная фінансава-бюджэтная сістэма ў краіне. І фактычна ўсе грошы дзяржаўныя», – кажа Андрэй Завадскі, эксперт Фонду Льва Сапегі.

Кожны мясцовы бюджэт фармуюць у апошнюю чаргу, пасля зацвярджэння найперш рэспубліканскага, пазней абласнога і раённага бюджэтаў.

Цяпер бюджэты органаў мясцовага самакіравання складаюць 47 % ад бюджэту краіны. Рэшта – рэспубліканскі бюджэт. Аднак з мясцовых бюджэтаў Беларусі 49 % прыпадае на Менск і абласныя гарады, 50 % – на раённыя цэнтры, і толькі 1 % – на пасялковыя і сельскія саветы.

Акрамя таго, у мясцовыя бюджэты ідуць падаходны і зямельны падаткі фізічных асобаў. Адна з праблемаў такога размеркавання ў тым, што падаходны падатак ідзе ў мясцовы бюджэт той адзінкі, дзе чалавек працуе, а не той, дзе жыве. Вёска, жыхары якой ездзяць на заробкі ў буйнейшы горад, застаецца практычна без сродкаў, хоць яе насельніцтва можа нядрэнна зарабляць паводле мясцовых мерак.

Давайце разбірацца
Што перашкаджае Лукашэнку падняць сяло?
2019.10.24 20:05

Калі ў Беларусі ніхто не намагаецца спыніць дэградацыю вёскі, Украіна пасля Рэвалюцыі годнасці пайшла шляхам рэформаў. Якія змены адбыліся ва ўкраінскім сяле, ці былі яны пазітыўныя, і ці варта Беларусі паўтарыць досвед украінцаў, – глядзіце ў праграме.

Праграму «Давайце разбірацца» глядзіце кожны чацвер а 19.05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4 A» (ранейшая назва «Sirius4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

Фота на прэв’ю: Nikolai Petro/TASS/Forum