Чаму адмянілі рэпетыцыю параду?


Белсат Zoom – новая праграма ў інфармацыйным вяшчанні. У цэнтры ўвагі – эпідэмія каронавірусу. Каментары з месца падзеяў. Ацэнкі экспертаў. Мы здабываем інфармацыю там, дзе прымушаюць маўчаць.

Беларусь бʼе чарговы сумны рэкорд: 919 новых заражэнняў каронавірусам у Беларусі – усяго 12 208 хворых на каронавірусную інфекцыю (на раніцу 28 красавіка).

Ёсць раёны, дзе сітуацыя найбольш драматычная. У Стоўбцах дзяржаўная газета паведамляе, што памерлых ад каронавіруса няма, аднак мы размаўляем са спадаром Алегам, жыхаром Стоўбцаў, які страціў цешчу, а ягоны цесць застаецца ў рэанімацыі. Мужчына распавядае і пра іншыя смерці і свежыя магілы. Дынаміка росту захворванняў у нашай краіне ўстрывожыла нават ААН, якая заклікае да неадкладных дзеянняў.

Перанясемся ў Глыбокае, дзе ў раёне выяўленыя дзясяткі захворванняў, ёсць памерлыя. Звесткі нашых крыніцаў разыходзяцца з афіцыйнымі амаль удвая. Што пра гэта думаюць жыхары Глыбокага? А берасцейскі доктар Руслан Брынчук адкрыта кажа, што хаваць і адмаўляць факт пандэміі больш няма сэнсу. Напярэдадні раптоўна не адбылася рэпетыцыя планаванага на 9 траўня параду. Што пайшло не так? Мінабароны кажа, што парад не адменены, а рэпетыцыю адмянілі «у сувязі з выходнымі». А што казалі прысутныя на месцы планаванай рэпетыцыі?

Для наведнікаў закрыты

Мужчынскі Лядзенскі манастыр, што ў Смалявіцкім раёне, закрыўся для наведнікаў. Менавіта сюды на Вялікдзень прыязджаў Аляксандр Лукашэнка. Працаўнікі мясцовых шпіталяў, на ўмовах ананімнасці, пацвердзілі выданню Tut.by, што ў некалькіх пастаяльцаў манастыра выяўлены каронавірус. Ананімны доктар Смалявіцкай цэнтральнай раённай больніцы ўдакладніў, што заразіліся – 16 чалавек, рэшта манахаў – кантакты першага ўзроўню. Паводле медыка, яны не выконваюць правілаў самаізаляцыі. У Барысаўскай епархіі, да якой належыць манастыр, адмовіліся ад каментара, дадаўшы, цытата: «У царкве ніхто не заражаецца».

Беларуская статыстыка

Каб параўнаць тэмп распаўсюду каронавіруснай інфекцыі ў розных краінах, Беларускае Радыё Свабода намалявала графікі дзённага павелічэння інфікаваных у адсотках, да агульнае лічбы захварэлых у краіне. З лічбаў вынікае, што нашая краіна трымаецца ў сумных лідарах сярод суседзяў у згаданым паказніку. У Беларусі назіраўся самы высокі тэмп на пачатковым этапе эпідэміі, і напрыканцы красавіка Беларусь і Расея дагэтуль застаюцца наперадзе ў прыросце колькасці інфікаваных штодня. Пры гэтым у паказніку смяротнасці сярод тых, хто заразіўся, Беларусь паказвае самы нізкі адсотак сярод суседзяў цягам апошняга тыдня.

Карпенку ў адстаўку

Больш за 3300 асобаў падпісаліся пад петыцыяй за адстаўку міністра адукацыі Беларусі Ігара Карпенкі. У тэксце петыцыі адзначаецца, што Карпенка на сваёй пасадзе не справіўся з выклікамі, якія ўзніклі праз пандэмію каронавіруса. Аўтары звароту, сярод іншага, лічаць, што міністр не здолеў арганізаваць дыстанцыйнага навучання школьнікаў і студэнтаў, гарантаваць бяспеку школьнікаў, студэнтаў, настаўнікаў і выкладчыкаў праз адмену або перанос заняткаў, а дзеянні міністэрства не маюць сістэмнага характару і выглядаюць на хістанні. Збор галасоў пад петыцыяй на сайце Petitions.by працягнецца яшчэ два тыдні, пасля чаго яна будзе дасланая ў адміністрацыю кіраўніка краіны.

belsat.eu