Былы работнік Адміністрацыі прэзідэнта: Удзел Бабарыкі і Цапкалы ў выбарах – праява адчаю


Лукашэнка занадта добра плаціць сваім чыноўнікам, каб тыя наважыліся канкураваць з ім. Таму ў прэзідэнцкай гонцы прымуць удзел толькі адчайныя, мяркуе госць «Размовы ProContra» – былы працаўнік Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Пласкавіцкі.

Аляксандр Пласкавіцкі працаваў у Адміністрацыі прэзідэнта з 1994 да 2000 года і за гэты час здолеў добра прааналізаваць норавы беларускай наменклатуры. Сёння, на ягоную думку, ніхто з людзей сістэмы, якія могуць рэальна канкураваць з Лукашэнкам, на выбары не пойдзе. Браць удзел у гонцы – значыць дайсці да крайняй ступені адчаю.

«Раней ці пазней чалавек, які расчаруецца ў сваёй здольнасці па-добраму падштурхнуць нашага монапалітыка да больш-менш асэнсаваных, эфектыўных, рацыянальных дзеянняў ці хаця б да ўліку хоць нечых меркаванняў, хоць да маленькага ўліку, ад адчаю згодны вось на такія ўчынкі, – выказаўся Аляксандр Пласкавіцкі. – Згадайце фільм «Дзень сурка», калі ў галоўнага героя паўтаралася адна і тая ж цягамоціна. Ён жа ўрэшце пастанавіў скончыць жыццё самагубствам. І прыклаў для гэтага ўсе высілкі. Я думаю, і для Цапкалы, і для Бабарыкі ў гэтым выпадку гэта праява адчаю».

Таксама ў поўнай «Размове ProContra» з Уладзімірам Мацкевічам, Віталём Цыганковым і былым працаўніком Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандрам Пласкавіцкім:

  • Ці з’явяцца ў Лукашэнкі рэальныя канкурэнты?
  • На што новых кандыдатаў штурхнуць абурэнне і адчай?
  • Каму давядзецца выбіраць паміж «палітычным» і «эканамічным» крымінальным артыкулам?

Спецыяльна для тых, каму зручней слухаць, а не глядзець, «Размова» запусціла падкасты. Калі вы займаецеся хатнімі справамі, кіруеце машынай ці проста не жадаеце сачыць за мільгаценнем кадраў – гэта для вас.

Праграма «Размова» выходзіць на «Белсаце» з панядзелка да чацвярга а 21:20. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

А таксама падпісвайцеся на «Размову» ў Facebook, ВКонтакте, «Одноклассниках», Twitter, Instagram і Telegram.