«Белсат» застаецца па-беларуску і без цензуры. Так было, ёсць і будзе»


Ад панядзелка на «Белсаце» зʼявіцца адна праграма, якая будзе называцца па-расейску «Вот так». У сувязі з чым у інтэрнэце ў адрас тэлеканалу зʼявіліся абвінавачвання ў здрадзе і пераходзе на расейскую мову. Аднак увесь «Белсат» прынцыпова застаецца беларускамоўным. Новы ж крок – гэта пашырэнне гарызонтаў і імкненне пранікнуць з абʼектыўнаю інфармацыяй не толькі ў Беларусь. Нельга забывацца і пра тое, што значная частка саміх беларусаў размаўляе па-расейску.

«Калі мы возьмем наш эфір, які складае больш за 17 гадзін, і гэтую невялікую праграму, якая будзе на расейскай мове, то зразумеем, што ў параўнанні да нашага эфіру гэты працэнт будзе вельмі малы. Тут нічога дзіўнага няма. Мы даўно казалі, што хацелі б пашырыць наша вяшчанне таксама на іншыя краіны, бо наш спадарожнік пакрывае тэрыторыю ад Партугаліі да Уралу. Паколькі мы маем магчымасць вяшчання на постсавецкія краіны, а там, як вядома, найбольш зразумелая расейская мова, таму мы і хацелі б зрабіць невялікую праграму па-расейску якая будзе распавядаць пра падзеі ў постсавецкім рэгіёне», – распавядае намеснік дырэктара па інфармацыі і спецпраектах тэлеканалу «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі.

Дзікавіцкі падкрэсліў, што для «Белсату» беларуская мова – гэта прынцыповая рэч і ніхто ад яе не збіраецца адмаўляцца.

«У Беларусі ўсе разумеюць расейскую мову. Вялікай шкоды гэтая 12-хвілінная праграма сярод 17 гадзін эфіру не зробіць», – упэўнены ён.

Дзікавіцкі прызнае, што зʼяўленне расейскамоўнай праграмы гэта яшчэ і крок у пошуках фінансавання.

«Пасля акупацыі Украіны Расеяй пачалася хваля жаданняў зрабіць расейскамоўнае вяшчання на тэрыторыю Расеі і постсавецкіх краінаў, каб пераканаць людзей там, што трэба неяк мяняць сітуацыю. Мы прынцыпова стаім на пазіцыях, што нельга так рабіць. Можна зрабіць асобны расейскамоўны канал, так. Але перавесці «Белсат» на расейскую мову – гэта нічога не дасць», – падкрэслівае ён.

«Мы застаемся без цэнзуры і па-беларуску. Так было, ёсць і будзе», – падкрэсліў ён.