Беларускі хіт на вяселлях ва Украіне


Як беларуская песня трапіла ва Украіну і стала папулярнай на вяселлях.

Жанчына з украінскага сяла прывезла на радзіму песню, пачутую ў Беларусі. Ейныя аднавяскоўцы вельмі ўпадабалі прыгожую мелодыю і пранікнёныя словы. Песню пераклалі на ўкраінскую мову і цяпер спяваюць на мясцовых вяселлях.

Праграма «Вяскоўцы» завітала на ўкраінскае Палессе, непадалёк ад мяжы з Беларуссю, ды даследавала жыццё тутэйшых сельскіх жыхароў. Мова насельнікаў гэтага рэгіёна вельмі своеасаблівая – заўважны ў ёй і ўплыў беларускай мовы. Як падкрэсліваюць самі насельнікі гэтых мясцін, у іншых частках Украіны іх нават прымаюць часам за беларусаў.

Пры бяседным стале ў палескай вёсцы Тэрмахіўка не толькі каштавалі сапраўдныя ўкраінскія варэнікі, прыгатаваныя паводле даўнейшага рэцэпту, але і разважалі пра тое, як захаваць сваю тоеснасць. Калі не зберагаецца нейкі элемент сваёй культуры – яго месца зойме адпаведнік з чужой культуры, перакананы малады вясковы актывіст Юрый Мальфар. Паводле яго, з часам людзі прывыкаюць і пачынаюць лічыць чужое сваім. «Усё можна забыць і ўсё можа прапасці. За беларусаў ніхто беларускага не зберажэ, а за ўкраінцаў ніхто ўкраінскага не зберажэ», – адзначыў Юрый.

Пра што гамоняць у палескай вёсцы Тэрмахіўка? Як жартуюць ды якія песні спяваюць? Як гатуюць варэнікі з «белым сырам» і што кажуць пра Беларусь? Гэта і яшчэ шмат чаго іншага – у апошнім выданні праграмы «Вяскоўцы».

Праграму «Вяскоўцы» глядзіце кожную сераду а 18:35 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы. І сачыце за намі ў Facebook.