Беларускае кіно не можа зарабіць у сваёй краіне


Беларускае кіно можа атрымліваць прэміі, збіраць залы кінатэатраў, але зарабіць у сваёй краіне пакуль не можа. Дзяржава незалежнай кінавытворчасці не падтрымлівае, але штогод цікавых кінапраектаў становіцца ўсё болей.

Каб зарабіць грошы на свой другі фільм, маладая беларуская рэжысёрка Улада Сянькова раздавала паштоўкі мінакам на вуліцах еўрапейскіх гарадоў. Але зарабіць гэткім шляхам не ўдалося.

«Мы пачалі з двух еўраў, потым перайшлі на 50 цэнтаў, а потым давалі па-рознаму. Часам 2, часам 5, часам проста бралі паштоўку. Па-рознаму было. Але гэтых грошай нам не хапіла нават на дарогу дадому», – распавядае Улада.

Свой першы фільм дзяўчына зняла на ўласныя грошы, краўдфандынг спатрэбіўся толькі на агучванне. І выбухнуў – «Граф у апельсінах» атрымаў добрыя водгукі на Маскоўскім кінафестывалі. Грошай гэта не прынесла, але кінатусоўка ўспрыняла пачаткоўцу ўсурёз.

Цяпер Улада здымае новы поўнаметражны фільм «Пражэкцёры» – пра моладзь, якая спрабуе сябе ў розных бізнесах. На фільм і яго раскрутку трэба каля ста тысячаў долараў. Прадзюсар Віктар Лабковіч дапамог з трацінай сумы, астатняе цяпер спрабуюць знайсці праз беларускі бізнес, прапаноўваючы натыўную рэкламу.

Пакуль працэс ідзе вельмі цяжка. На дзяржаўнае фінансаванне Улада прэтэндаваць не можа нават тэарэтычна, бо навучалася не ў дзяржаўнай Акадэміі мастацтваў, а ў прыватнай кінашколе.Самы распаўсюджаны цяпер варыянт – сусветны копрадакшн, то бок супольная вытворчасць.

Але, каб пайшлі замежныя грошы і гледачы, у праект трэба зрабіць першы ўнёсак. І, каб атрымаць на яго грошы нават у крэдыт пад разумны адсотак, творцам вельмі патрэбны адмысловы фонд кіно – нешта кшталту банку з дзяржаўнымі грашыма, якія выдаюцца толькі на кінавытворчасць. У такой супольнай вытворчасці здымаўся, напрыклад, фільм «Крышталь», які намінуецца на прэмію «Оскар» ад Беларусі.

«Крышталь» зняты за 400 тысячаў долараў, а сабраў у беларускім пракаце ўсяго 25 тысячаў. Фільм «Гараш» Андрэя Курэйчыка сабраў амаль столькі ж – каля 20 тысячаў, але фільм зрабілі ўсяго за 5 тысячаў долараў. «Сляды на вадзе» «Беларусьфільму» з бюджэтам 1 мільён долараў і ўсім адміністрацыйным рэсурсам паводле прыблізных падлікаў сабралі ў пракаце не больш за 90 тысяч. Відавочна, што ў нашым пракаце можа акупіцца толькі вельмі таннае кіно.

«Кіно перш за ўсё – гэта цікава. А вось з гледзішча заробку… Хочаце добра зарабляць – ідзіце ў банк. Сядзіце круглыя суткі, рабіце кар’еру», – лічыць прадзюсар Леанід Каліценя.

Але стваральнікі псіхалагічнага трылеру «Унутры сябе» кажуць, што здымалі камерцыйнае кіно і маюць мэту на ім зарабіць. Грошы ў фільм уклалі прыватныя кампаніі, каля ста тысячаў долараў, і столькі ж выдаткавалі на прамоцыю. Фільм будзе ісці да пачатку снежня ў кінатэатрах, але не ўва ўсіх.

Беларускаму пракату больш цікавыя амерыканскія блокбастары і расейскія камедыі, на іх удаецца добра зарабіць. Таму прадзюсары «Унутры сябе» ужо прадалі фільм на ўкраінскі рынак, дзе ён будзе ісці найбліжэйшыя два гады. Але і гэтага недастаткова, каб атрымаць прыбытак.

Кінавытворчасць – доўгі працэс, і, уклаўшы ў яго сёння, вярнуць іх магчыма хіба толькі гады праз тры. Апошнім часам ахвотных рабіць незалежнае і сучаснае кіно ў Беларусі стала больш. Ад дзяржавы яны чакаюць калі не падтрымання, то хоць бы адсутнасці перашкодаў. Ад кінаіндустрыі ж патрэбныя празрыстыя і зразумелыя правілы гульні.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Чыноўнікі людзям: Праблемы няма, а вас не існуе
  • Колькі зарабляе беларускае кіно?
  • Жыццё на вёсцы даражэйшае за гарадское

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце.

Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках.

Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».