«Беларусаў называлі туземцамі». Як Расейская імперыя рабавала ВКЛ


Уключэнне беларускіх зямель у склад Расейскай імперыі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай азначала новыя парадкі ў эканамічнай, рэлігійнай і палітычных сферах.

Палітыка русіфікацыі, «разбору шляхты», увядзенне рэкрутчыны і шмат якія іншыя чыннікі справакавалі нацыянальна-вызвольныя паўстанні 1830–31 і 1863–64 гадоў. Для іх задушэння царызм выкарыстаў цэлы комплекс разнастайных захадаў, галоўная роля ў якіх, вядома ж, належала войску. Але справу, распачатую казацкімі штыкамі, працягвалі расейскія законы і чыноўнікі.

«Тут можна назіраць досыць цікавую з’яву, – заўважае ў студыі «Intermarium» кандыдат гістарычных навук Аляксандр Радзюк з Горадні. – Ва ўрадавых дакументах неафіцыйнай перапіскі беларускае насельніцтва – або адзінаверцаў, як некалі Кацярына ІІ акрысліла далучаныя беларускія землі, – называлі туземцамі».

Паводле навукоўца, гэта сведчыць пра тое, што палітыка расейскага ўраду насіла рысы каланіяльнай, такой жа, як у той час праводзіла Францыя ці Брытанская імперыя. І асноўным штуршком да яе паслужылі вышэй згаданыя паўстанні.

«Гэта былі выклікі з боку заходняга рэгіёну, на якія Расейская імперыя пачала шукаць адказы. Толькі пасля гэтых паўстанняў яна пачынае распрацоўваць палітыку, асноўным элементам якой зʼяўляюцца рэпрэсіі. Не эканамічнае гаспадаранне, не правядзенне даследаванняў гэтай тэрыторыі», – лічыць Аляксандр Радзюк.

Мікалай Нікалаеў, доктар філалагічных навук, загадчык аддзелу рэдкіх кніг Расейскай нацыянальнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу, заўважае, для кожнай далучанай тэрыторыі Расейская імперыя выпрацоўвала свой модус кіравання. У Вялікім княстве Фінляндскім, прыбалтыйскіх губернях ці азіяцкіх уладаннях нацыянальныя і зямельныя пытанні вырашаліся зусім іншым чынам. Паводле яго, пасля паглынання Рэчы Паспалітай, расейская адміністрацыя схілялася да таго, каб даць мясцоваму насельніцтву вялікую долю самастойнасці.

«Першыя крокі – я магу сказаць пра кніжную культуру – гэта ў Віленскім універсітэце выдаецца буквар, у друкарні Завадскага, расейскі і польскі. Адміністрацыя хацела як бы мінімум расейскай мовы для кіравання краем і аддаць мясцовым усё астатняе. Але мясцовыя не знайшлі бесканфліктнага модусу: пачалося паўстанне 1831 года. Улада прыціснула, а пасля зрабіла наступны крок: пачала раскладаць грамадства. Падтрымліваць сялянаў як асобны слой – тых, людзей, на якіх яна будзе абапірацца, як на «расейцаў», у адрозненні ад «польскай шляхты». Гэта таксама адлюстравалася ў кніжках. Мы бачым усплёск беларускіх выданняў. Імператар Аляксандр ІІ прыязджае ў Вільню, і для яго мясцовая інтэлігенцыя друкуе альбом: там французскія тэксты, польскія, беларускія і літоўскія. Нібыта згода такая грамадская накрэсліваецца. Гэта не атрымалася. Паўстанне 1863 года касуе гэту тэндэнцыю. І тады беларускія кніжкі з тэкстамі праваслаўнымі, антыкаталіцкімі, але беларускія – замяняюцца на расейскія. Ідзе больш катэгарычнае адмаўленне мясцовай традыцыі», – разважае ён.

Адным з самых магутных інструментаў пакарання ўдзельнікаў нацыянальна-вызвольнай барацьбы было адабранне прыватнай маёмасці ў расейскі дзяржаўны скарб. Вынікам было культурнае спусташэнне найбольш багатых у гэтым плане беларуска-літоўскіх асяродкаў.

Вядома, што нашыя шляхецкія і магнацкія роды цягам пакаленняў назапашвалі разнастайныя мастацкія творы і каштоўнасці. Прадметы антыкварыяту, творы лепшых сусветных майстроў розных эпох, каштоўныя камяні і рэдкія ўпрыгожванні, вырабы з срэбра і золата, мармуру і фарфору, калекцыі манет і зборы іншых твораў мастацтваў былі важным атрыбутам кожнага роду, які меў за сабой трывалае эканамічнае заплечча. Асобна ў гэтым пераліку стаяць багацейшыя бібліятэчныя зборы, які былі важным элементам прыналежнасці да эліты і захавання фамільных архіваў.

Нясвіж Радзівілаў, Дзярэчын Сапегаў, Свіслач Тышкевічаў, Дзятлава Солтанаў, Азёры Валіцкіх, Смаргонь Пшэздзецкіх, іншыя рэзідэнцыі сваім багаццем і ўнікальнасцю збораў лёгка маглі даць фору падобным асяродкам у Германіі, Францыі ці Польшчы. Расейская адміністрацыя спустошыла найбольш багатыя ў культурным плане сядзібы мясцовага набілітэту.

Усё самае каштоўнае трапляла ў расейскую сталіцу. Толькі ў 1835 годзе на Манетны двары Пецярбурга было звезена больш за 320 кг срэбраных вырабаў з магнацкіх і шляхецкіх сядзібаў беларуска-літоўскага краю. Кнігазборы, сямейныя архівы і рукапісная спадчына перадавалася ў расейскае ведамства Народнай асветы. Багатыя інтэр’еры вывозіліся для аздаблення афіцыйных дзяржаўных устаноў і загарадных імператарскіх рэзідэнцый. Галерэі фамільных партрэтаў і шмат што іншае, чаму расейскія ўлады не маглі знайсці практычнага выкарыстання, прадаваліся з аўкцыёнаў. Значная частка гэтых каштоўнасцяў была разрабавана царскімі чыноўнікамі.

У выніку найбольш вартыя артэфакты з тэрыторыі беларускіх зямель апынуліся па-за межамі наша краіны. Ці робіць афіцыйны Менск захады, каб вярнуць скарбы ў Беларусь? І ці згодзяцца сённяшнія ўладальнікі з імі расстацца?

Гэта толькі некаторыя з пытанняў, адказаў на якія разам з Аляксандрам Радзюком і Мікалаем Ніклаевым у студыі «Intermarium» шукаюць Станіслаў Вех, доктар габілітаваны, кіраўнік кафедры гісторыі ХІХ ст. універсітэту Яна Каханоўскага (Кельцэ, Польшча), і Лілія Коўкель, доктар гісторыі з Інстытуту гісторыі Польскай акадэміі навук (Кракаў, Польшча). Глядзіце відэа ў пачатку артыкула.

ІА, belsat.eu

Калаж з фота belsat.eu, commons.wikimedia.org/Kunsthistorisches Museum Wien