Беларусь – зноў у клубе дыктатараў. Як з яго выйсці? «Прасвет» з Алінаю Коўшык




Тэмы «Прасвету»:

Як з несвабодных стаць часткова свабоднымі?

Беларусь – зноў у ліку несвабодных дзяржаваў. Паводле найноўшай справаздачы амерыканскай грамадскай арганізацыі «Freedom House», летась сітуацыя з дэмакратыяй у нашай краіне яшчэ пагоршылася. Што паўплывала на ацэнку аналітыкаў? Наколькі гэты рэйтынг уплывовы і як падняць пазіцыю Беларусі? Высвятляла Вольга Жарнасек.

Ці запросяць Лукашэнку ўпершыню ў Польшчу?

На наступным тыдні ў Польшчу адбудзецца небывалы паводле ўзроўню візіт дэлегацыі на чале з Міхаілам Мясніковічам. Запланаваныя сустрэчы на самым высокім узроўні: з польскімі прэзідэнтам і прэмʼерам. І ўсе гэта – на фоне саюзнага ціску з боку Масквы. Аб праблемах і выкліках суседскіх дачыненняў мы паразмаўляем з журналістам «Dziennik gazeta prawna» Міхалам Патоцкім.

Чаму Літва баіцца Беларусі?

Беларусь пагражае Літве. Такую выснову можна зрабіць з рапарту літоўскіх спецслужбаў пра вонкавыя пагрозы на 2019 год. Дакумент апублікавалі на гэтым тыдні. Назва нашай краіны ў справаздачы ёсць на кожнай старонцы. Беларускія дыпламаты ўжо заявілі, што хтосьці ў Літве хоча ўбіць клін паміж Вільняй і Менскам. Хто яго ўбівае насамрэч, разбіраўся Дзяніс Дзюба.

Расея не мае права вета на выбар Грузіі

Дзверы NATO адчыненыя для Грузіі. Пра гэта заявіў генеральны сакратар альянсу Енс Стольтэнбэрг пасля ратыфікацыі пратаколу аб уступленне ў Альянс Македоніі. Тым не менш, на шляху Тбілісі да еўраінтэграцыі ўсцяж застаецца шэраг перашкодаў. Пра гэта і пра першыя месяцы прэзідэнцтва Салёмэ Зурабішвілі Вольга Жарнасек паразмаўляла з праграмнаю дырэктаркай грузінскага Цэнтру стратэгічнага аналізу Это Бузіяшвілі.

Ракетны калапс. Чаму Лукашэнка не робіць рэзкіх рухаў?

Гэта вялікі крок у кірунку калапсу сусветнай сістэмы бяспекі. ЗША і Расея абвесцілі аб выхадзе з дамовы пра Ракеты сярэдняй і малой дальнасці, падпісанай у далёкім 1987 годзе. Страта паразумення паміж дзвюма ядравымі супердзяржавамі дакументальна аформіцца не адразу: дамова будзе дзеяць яшчэ цягам 6-ці месяцаў. Але мала хто верыць у тое, што Масква і Вашынгтон сядуць за стол перамоваў і падпішуць новае пагадненне. Ігар Кулей.