БАТЭ ўпершыню за 13 гадоў можа згубіць чэмпіёнства


Новая класіка беларускага футболу: Берасце супраць Барысава, упершыню ў гісторыі чэмпіянатаў Беларусі ўсе квіткі на гэтую гульню былі раскупленыя за 4 гадзіны.

Больш за 10 тысячаў чалавек запоўнілі спарткомплекс «Берасцейскі», і перад гульнёю бальшыня была ўпэўненая ў перамозе «Дынама», барысаўскія заўзятары проста патанулі ў гэтым у бела-блакітным моры.

Перад матчам мы зпыталі заўзятараў, хто пераможа:

«Дынама» Берасце! «Дынама», канешне!»

«Я вельмі спадзяюся, я вельмі ўпэўнены, што пераможа берасцейскае «Дынама». Справа ў тым, што з дзіцячых год я хаджу на футбол і вельмі ўзрушаны, што ў гэтым сезоне мы рэальна можам стаць чэмпіёнамі Беларусі. Гэта мая дзіцячая мара!»

«Зараз ідзе на ўздыме, восем перамог запар. У БАТЭ таксама, вядома, ёсць перамогі, але былі і паразы, тым больш у першым крузе ў іх на стадыёне мы выйгралі. І я думаю, мы не дамо ім зрабіць рэванш сёння».

Гульня мелася быць згуляная яшчэ ў жніўні, але БАТЭ праз удзел у еўракубках яе перанёс. Гэта барысаўскай камандзе не дапамагло, з еўракубкаў БАТЭ вылецеў яшчэ ўлетку. А цяпер рызыкуе ўпершыню з 2006 года страціць чэмпіёнства. «Дынама» перамагло ў Барысаве ў першым коле 1:0, а цяпер згуляла 1:1, атрымала стратэгічную перавагу над супернікам. Што фаварытам чэмпіёнскай гонкі становіцца «Дынама», вымушаны прызнаць і адзін з лідараў пакуль дзейнага чэмпіёна:

«У нас усё роўна яшчэ ёсць шанцы на чэмпіёнства, але цяпер не ўсё залежыць ад нас, таму што сваю гульню з «Дынама» мы ўжо згулялі ў другім коле. Калі «Дынама» не адной гульні не прайграе, у нас проста не будзе шанцаў. Але мы спадзяёмся, што яны страцяць пункты, а мы не будзем губляць», – кажа абаронца БАТЭ Ягор Філіпенка.

«Дынама» з першых хвілінаў пайшло ў атаку і ўжо на шостай хвіліне магло адкрыць лік. Лапцеў уварваўся ў штрафную і моцна прабіў, БАТЭ ўратаваў галкіпер Чычкан, а дабіванне Няхайчыка з загоенаю траўмаю выпала ў перакладзіну. Пасля гэтага ў гаспадароў было яшчэ некалькі шанцаў забіць, але барысаўцы выраўнялі гульню, а ў канцы першай паловы маглі забіць самыя, гэтым разам перакладзіна пасля ўдару капітана БАТЭ Стасевіча дапамагла гаспадарам.

Алег Вераціла, абаронца Берасцейскага «Дынама»:

«Я думаю, што ўсім спадабалася гульня. Гэта была самая напружаная гульня ў сезоне. Хацелі выйграць мы і БАТЭ, было вельмі шмат барацьбы».

А толькі каманды вярнуліся з распранальні, як «Дынама» выйшла наперад, гол зрабілі два экс-гульцы БАТЭ – Няхайчык і Гардзейчук: першы аддаў, другі забіў. Цікава, што Гардзейчук падчас выступу за барысаўцаў правёў у браму «Дынама» 7 галоў. БАТЭ здолела хутка адказаць, прастрэл Скавыша замкнуў Драгун. Далей была роўная гульня з прыблізна роўнымі шанцамі на перамогу.

«Атмасфера была цудоўнай на стадыёне. Лічу, што мы і БАТЭ паказалі вельмі нядрэнную гульню, па змесце, па небяспечных момантах. Самае галоўнае, што гледачы да гэтага часу разыходзяцца. Для Беларусі гэта вельмі класна», – паўабаронца «Дынама» Сяргей Кісляк.

Галоўны трэнер БАТЭ Аляксей Бага ўпэўнены, што ў чэмпіянаце яшчэ шмат гульняў, каб выправіць становішча, у якім аказаўся барысаўскі клуб:

«З распранальні не выйшлі прапусцілі, Міша забіў свой класічны гол – падпільнаваў. Потым добра зрэагавалі на прапушчаны гол, што таксама прыемны момант. Забілі адразу зваротны. Але а фіналь была вострай, маглі як прапусціць, так і забіць».

А вось чэшскі трэнер «Дынама» Марцэл Лічка упэўнены, што менавіта ягоныя хлопцы – фаварыты чэмпіёнскай гонкі:

«Я думаю, для нас вынік 1: 1 – гэта плюс. Таму што БАТЭ паказала свае лепшыя якасці на поле, гэта ментальна, гэта каманда ўмее гуляць такія гульні, для якіх патрэбен вялікі досвед».

За восем тураў да канца чэмпіянату «Дынама» апераджае БАТЭ і «Шахцёр» на 5 пунктаў, праўда, у двух апошніх правялі на гульню меней. Наступныя пікі чэмпіянату – 29 верасня, калі Салігорску гуляць з менскім «Дынама», 27 кастрычніка, калі БАТЭ ехаць у Салігорск, і 3 лістапада, калі ў Берасці чакаюць «Шахцёра».

Алесь Ляўчук belsat.eu