Павел Бераснеў жыве ў катэджы за горадам. Ён хацеў цалкам даручыць будаўніцтва адмысловай фірме, але хутка пераканаўся, што неабходна пільнаваць усё самому. У гэтым выданні праграмы ён падзяліўся сваім досведам будаўніцтва і жыцця ў катэджы ды распавёў пра свой блог «Хата з краю».
Калісьці Павел Бераснеў нічога не разумеў у будаўніцтве, таму замовіў дом «пад ключ» адмысловай фірме. Атрымалася не зусім так, як ён чакаў.
«У Беларусі нельга проста прынесці грошы і чакаць, што табе пабудуюць добры дом», – сцвярджае Павел Бераснеў.
Па-першае, будаўнічая фірма нарабіла памылак і пазней іх выпраўляла. Па-другое, Павел хацеў самастойна нешта дабудаваць. Таму ён заглыбіўся ў тэму будаўніцтва і пачаў весці блог «Хата з краю», дзе ён дзеліцца досведам і распавядае пра будаўнічыя лайфхакі, каб засцерагчы іншых ад памылак. І ён мае, пра што распавесці.
Гэтак сталася, што спачатку дом Паўла быў аўтаномны, не падлучаны да агульных камунікацыяў. Вада – з уласнай свідравіны, газ – з балона, а цяпло – ад сапраўднага каміна, у якім паляцца дровы. Электраэнергію з красавіка да лістапада давалі сонечныя панелі, а ўзімку – генератар.
«Глядзіш так: ага, сонца – пайду пральную машыну запускаць», – згадвае Павел.
Госць праграмы пакажа свой дом і дасць гледачам, якія хочуць пабудаваць уласную хату і пераехаць за горад, надзвычай карысныя практычныя парады. І, вядома ж, раскажа, як па-беларуску правільна называюцца асноўныя часткі дому.
У граматычнай частцы пагаворым пра правапіс і вымаўленне актуальных сёння словаў: «каранцін» і «каранавірус», «хварэць» і «пакутаваць на штосьці». Вядоўцы – Глеб Лабадзенка і Алеся Літвіноўская.
Адукацыйную праграму «Мова Нанова» глядзіце кожную нядзелю а 20:15 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.