Атракцыён шчодрасці ад «Белнафтахіму». Паліва патаннела на 1 капейку


Чакалі зніжэння цэнаў на аўтамабільнае паліва ўчора – дачакаліся сёння. «Белнафтахім» анансаваў новыя раздробныя кошты на дызель і бензін – паліва патаннела на 1 і 2 капейкі адпаведна. Гэткім чынам, з 3 студзеня за літр дызельнага паліва аўтамабілістам давядзецца заплаціць 1 рубель 53 капейкі, за бензін АІ-92 – 1 рубель 41 капейку, за АІ-95 – 1 рубель 52 капейкі. Пра атракцыён небывалай шчодрасці ад дзяржавы размаўляем з эканамічнаю аглядальніцай Таццянаю Манёнак:

«Ніякай сенсацыі ў гэтым няма. Кошты на паліва знізіліся толькі ў сістэме кампаніяў «Беларуснафта» – гэта галоўны дзяржаўны аператар на рынку нафтапрадуктаў у Беларусі. Ён займае прыкладна каля 70 адсоткаў унутранага рынку паліва, а 30 адсоткаў – гэта прыватныя кампаніі, пераважна расейскія. […]

Я думаю, што гэта нейкая дэманстрацыя, паказаць, што нашая нафтавая галіна даволі трывала і ўстойліва трымаецца, нягледзячы ні на якія падаткавыя манеўры ў нафтавай галіне. […]

Нафтаперапрацоўчыя заводы маюць пэўныя запасы нафты яшчэ з мінулага году, гэта значыць, не ўлічаны эфект нафтавага манеўру. А працаваць па новых правілах заводы пачалі ўжо з 1 студзеня. Відавочна, сітуацыя будзе значна горшай у параўнанні з мінулым годам і для нафтаперапрацоўкі, і для беларускага бюджэту, таму трэба разумець, што кошты на паліва на ўнутраным рынку будуць падвышацца…»

belsat.eu