Асацыяльная дзяржава: «Мне адмовілі ў матэрыяльнай дапамозе, бо няма ў бюджэце грошай»


Летась у Беларусі было каля 260-ці тысячаў беспрацоўных. Тыя з іх, хто стаў на біржу працы, атрымалі штомесячную дапамогу беспрацоўным – ад 25-ці да 55-ці рублёў. Плюс у нашай краіне беспрацоўныя маюць права на аднаразовую або штомесячную сацыяльна-адрасную дапамогу ад дзяржавы. Аднаразовая даецца, калі сярэдні прыбытак сям’і меншы за 325 рублёў на месяц. Штомесячная – калі сямейны прыбытак меншы за 217 рублёў.

«У выніку выйшла, што ў мяне сярэднедушавы прыбытак аж 407 рублёў. Я лічу, што гэта наагул не адпавядае рэчаіснасці», – распавядае Міхась Сошка.

Спадар Міхась не мае афіцыйнай працы з 2016 года. У Слоніме 60-гадоваму мужчыну вакансіяў не прапаноўваюць. Ён стаіць на біржы як беспрацоўны і штомесяц атрымлівае дапамогу – 50 рублёў. Вырашыў атрымаць яшчэ адрасную дапамогу, якую абяцае дзяржава. Але заробак жонкі – 330 рублёў, а летась спадар Міхась 4 месяцы быў заняты на сезонных працах. Зарабляў 500 рублёў на месяц.

«Атрымліваецца, што за 4 гэтых месяцы, што я там папрацаваў, я зарабіў сабе на 2 гады наперад», – кажа беспрацоўны.

4 месяцы больш-менш прыстойнага заробку з 12 ды 300 рублёў штомесяц ад жонкі – і вось сярэдні сямейны бюджэт ужо большы за 400 рублёў на месяц. Тое, што зарабляў мужчына толькі ўлетку і што грошы, відавочна, ужо праелі, – нікога не хвалюе. Міхась прасіў як аднаразовую сацыяльна-адрасную дапамогу, гэтак і штомесячную, але яму адмовілі.

«Атрымаць яе нерэальна згодна з тымі палажэннямі, якія прапісаныя ў гэтым указе», – кажа Міхась Сошка.

Летась аднаразовую сацыяльна-адрасную дапамогу атрымалі 44 тысячы беларусаў. Гэта не толькі беспрацоўныя. А ўсе, хто трапіў у складаныя жыццёвыя абставіны. Напрыклад, інваліды або шматдзетныя сем’і.

Чыноўнікі самі вырашаюць, колькі грошай даць канкрэтнаму чалавеку. Летась у сярэднім вырашалі, што дастаткова будзе 116 рублёў.

Штомесячная сацыяльна-адрасная дапамога даецца на 6 месяцаў. Яе летась атрымалі 88 тысячаў чалавек, у сярэднім 45 рублёў кожны.

Атрымаць аднаразовую або штомесячную адрасную дапамогу цяжка. Бо ў даход сям’і ўключаюць не толькі афіцыйны заробак, але і кожны патэнцыйны прыбытак. Напрыклад, страхавыя выплаты ад няшчасных выпадкаў, аліменты, грашовыя выплаты за ганаровыя званні.

Нават калі беспрацоўнаму сябар на дзень народзінаў падарыў 100 рублёў і пра гэта неяк даведаліся чыноўнікі, – беспрацоўны трапіць у чорны спіс і на 12 месяцаў згубіць права на адрасную дапамогу.

На суд грошы ёсць. На дапамогу грамадзянам – няма

Спадарыні Вользе – 52 гады. Тры гады таму жанчыну скарацілі з пасады вахцёркі, і дасюль яна не можа нікуды ўладкавацца. Згодна з беларускімі законамі – дармаедка. Стаяла на біржы працы ў 2017-ым – марна, вольных вакансіяў гэтак і не знайшлося. У 2019-ым зноў звярнулася ў мясцовы аддзел службы занятасці. Атрымала грашовую дапамогу на беспрацоўе памерам 25,5 рублёў на месяц.

«Захворванне суставаў у мяне, захворванне скуры, захворванне хрыбетніка. Гадоў не мала, то пакутуе і падстраўнікавая, і страўнік», – распавядае Вольга Сапрыкіна.

Штомесяц на лекі спадарыні Вользе трэба выдаткоўваць 120 рублёў. Жанчына вырашыла звярнуцца да дзяржавы і папрасіла ў той аднаразовую сацыяльна-адрасную дапамогу. Ніякіх прыбыткаў, апроч дапамогі на беспрацоўе, жанчына не атрымлівае. То бок паводле ўсіх крытэраў адпавядае. Але адмовілі і ёй.

«Мне адмовілі ў матэрыяльнай дапамозе, бо няма ў бюджэце грошай», – кажа беспрацоўная.

У Менску на будынак Вярхоўнага Суда вешаюць герб і літары агульным коштам 112 тысячаў долараў, але 116 рублёў для спадарыні Вольгі ў бюджэце краіны няма. Атрымліваецца, што чыноўнікі наўпрост адмаўляюцца дапамагаць беспрацоўным. А матэрыяльная дапамога тым часам прадугледжаная законам.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • У Беларусі запалохваюць тых, хто атрымаў траўмы на вытворчасці
  • Беларусь не хоча злазіць з расейскай газавай іглы
  • Дадатковая адукацыя: што і для чаго вывучаюць беларусы

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».