Апазіцыі не месца на Дні Волі?


Другі год запар святкаванне Дня Волі адбываецца ў фармаце канцэрту. Палітычныя заявы гучалі ў паўзах між выступамі музыкаў. Ці сапраўды палітыкі сталі іншародным целам у жыцці нязгодных з рэжымам? Пра гэта ды іншае ў праграме «Размова ProCONTRA» Уладзімір Мацкевіч і Усевалад Сцебурака гутараць з намеснікам старшыні руху «За свабоду» Алесем Міхалевічам.

Брудныя каровы, з-за якіх высокіх пасадаў пазбавіліся некалькі чыноўнікаў, выціснулі з інфармацыйнай прасторы святкаванне Дня Волі. Між тым, у паветры павіслі пытанні, якія могуць зрабіцца дамоклавым мячом для шыяў і ўладаў, і апазіцыі.

Намеснік старшыні руху «За свабоду» Алесь Міхалевіч лічыць, што асноўнай задачай святкавання 101-х угодкаў утварэння Беларускай Народнай Рэспублікі была магчымасць паказаць рэальную колькасць тых, для каго Беларусь – назаўжды незалежная і самастойная дзяржава.

Пры гэтым імпрэза ўсё менш нагадвае палітычную акцыю. Склалася ўражанне, што ў беларускай апазіцыі адзіны сродак утрымаць аўдыторыю – гэта прамаўляць у перапынках паміж выступамі музыкаў.