Антыкрызіснае меню: пераходзім на субпрадукты


У новым выданні шоу «Я не буду гэтага есці!» распавядаем, як смачна прыгатаваць ялавічнае лёгкае.

У праекце «Я не буду гэтага есці!» вядомыя людзі дзеляцца з намі сваймі кулінарнымі траўмамі: распавядаюць, да якой стравы не могуць дакрануцца і чаму. Задача нашых шэф-кухараў Вольгі Прыгаравай і Аляксандра Чыкілеўскага змяніць рэцэпт так, каб наш герой з’еў усё да апошняй лыжкі ды папрасіў яшчэ. Напрыканцы праграмы госць абірае пераможцу кулінарнай бітвы. І гэтым разам мы накіраваліся ў Кіеў скараць страўнікі ўкраінскіх зорак.

Гэтым разам да нас у студыю завітаў Ілья Кваша – скакун у ваду, бронзавы прызёр летніх Алімпійскіх гульняў 2008 года, сяміразовы чэмпіён Еўропы, трэнер папулярнага ва Украіне тэлешоу «Вышка».

Аказалася, ягоная кулінарная траўма – справа не далёкага дзяцінства, а візіту да бабулі ягонай жонкі Ілоны. Менавіта тады ён пакаштаваў варанае ялавічнае лёгкае, якое выглядала, як дробна парэзанае жэле незразумелага колеру, прысыпанае пасечанай залёнай цыбуляй.

«Але не пакаштаваць я не мог. Добра, што ў нейкі момант бабуля выйшла, а побач акурат бегалі сабакі», – узгадвае Ілья Кваша.

«Па смаку лёгкае – нешта сярэдняе паміж мясам і салам», – гаворыць Аляксандр Чыкілеўскі.

Ён вырашыў зрабіць з лёгкага начынку для картаплянікаў – традыцыйных беларускіх піражкоў. А Вольга Прыгарава замаскіруе лёгкае паніроўкай і падасць яго з вінным соусам.

Асновай для абедзьвюх страваў будзе варанае лёгкае, якое спачатку трэба каля дзвюх гадзін вымочваць у халоднай вадзе. Пасля – выдаліць буйныя пратокі. Рэжам невялікімі кавалачкамі, кладзем у рондаль, солім, заліваем халоднай вадой, даводзім да кіпення. Дадаем корань пятрушкі, моркву, цыбулю, лаўровы ліст, духмяны перац, памяншаем агонь, накрываем вечкам і пакідаем хвілін на 40, каб лёгкае згатавалася.

Картаплянікі з начынкай з сэрца і лёгкага, пададзеныя з капуснай салатай

Для адварвання субпрадуктаў

  • цыбуля – 50 г
  • морква – 50 г
  • корань салеры – 50 г
  • лаўровы ліст
  • соль
  • перац чорны гарошак

Для начынкі

  • сэрца ялавічнае – 500 г
  • лёгкае ялавічнае – 500 г
  • цыбуля смажаная – 100 г
  • морква смажаная – 70 г
  • варанае яйка – 1 шт.
  • масла сметанковае – 70 г

Для цеста

  • вараная бульба – 500 г
  • яйка – 1 шт.
  • мука – 50 г
  • масла сметанковае – 60 г
  • алей – 60 мл

Для салаты

  • капуста белакачанная – 250 г
  • морква – 50 г
  • соль
  • цукар
  • алей – 30 мл
  • воцат – 20 мл

Вараную бульбу нацерці на дробнай тарцы, дадаць муку, яйка, спецыі і добра змяшаць. Загадзя зварыць сэрца і лёгкае. Астудзіць і дробна нарэзаць. Дадаць падсмажаныя цыбулю і моркву. Нацерці яйка, сметанковае масла і добра змяшаць.

З бульбяной масы сфармаваць аладкі і пакласці ў сярэдзіну начынку з лёгкага і сэрца. Сфармаваць даўгаватыя піражкі і абсмажыць іх на сумесі масла і алею. Давесці да гатоўнасці ў духоўцы.

Нарэзаць капусту, дадаць цёртую моркву, соль, цукар, воцат і раслінны алей. Змяшаць. Выкласці салату з капусты на талерку, побач – гатовыя картафлянікі. Падаць са смятанай.

Ялавічнае лёгкае ў паніроўцы, пюрэ з кораня салеры і вінны соус з чарнаслівам

  • ялавічнае лёгкае – 1 шт.
  • корань салеры – 2 шт.
  • часнык – 50 г
  • вяршкі 33% – 300 мл
  • пармезан – 100 г
  • масла сметанковае – 80 г
  • паніровачныя сухары – 150 г
  • яйка – 3 шт.

Для адварвання лёгкага

  • цыбуля – 50 г
  • морква – 50 г
  • корань салеры – 50 г
  • лаўровы ліст
  • соль
  • перац чорны гарошак

Соус

  • віно чырвонае – 100 мл
  • чарнасліў – 80 г
  • кукурузны крухмал – 30 г
  • палачка карыцы – 2 шт.
  • апельсін – 1 ш. (каля 200 г)
  • соль
  • цукар

Варанае лёгкае наразаем на кавалачкі, абвальваем па чарзе ў муцэ, яйку, сухарах і абсмажваем на патэльні з разагрэтым сметанковым маслам.

Салеру чысцім ад скуркі ды запякаем у сумесі чабору, солі, перцу і аліўкавага алею пры тэмпературы 180 градусаў цягам ад 40 хвілін да 1 гадзіны (пакуль не стане мяккаю). Гатовы корань кладзем у сатэйнік з топленым сметанковым маслам, падаграваем, дадаем вяршкі і даводзім да кіпення, затым усыпаем цёрты пармезан. Атрыманае змешваем блендэрам і праціраем праз сіта.

Робім соус. Чарнасліў і віно разаграваем у сатэйніку, дадаем цукар, палачку карыцы, праварваем і дадаем крухмал, каб загусціць.

Чый варыянт перамог у кулінарнай бітве? Глядзіце у новым выданні кулінарнага шоу «Я не буду гэтага есці!» (відэа ў пачатку артыкула).

Шоу «Я не буду гэтага есці!» глядзіце штонядзелю а 19:35 паводле менскага часу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Astra 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў архіве на нашай старонцы.

Любіце гатаваць? Сачыце за абнаўленнямі на Facebook, у «Одноклассниках» і ў Instagram.

ІА, belsat.eu