Анкалогія. У Беларусі штогод больш на тысячу выпадкаў захворвання


У Беларусі сёння, як і ва ўсім свеце, адзначаецца дзень барацьбы з ракавымі захворваннямі. Для нашае краіны гэтая тэма асабліва балючая па шэрагу прычынаў, дзе галоўная – сталы рост колькасці хворых. Штогод іх становіцца больш на тысячу чалавек. З працягам тэмы Галіна Абакунчык.

«Рак– гэта адная з хваробаў. І на ўласным прыкладзе я бачу, што не самая страшная. Ёсць хваробы, якія ў прынцыпе не лечаць», – кажа Святлана Бергер, хворая на рак.

Святлана Бергер даведалася пра сваё захворванне сем гадоў таму. Яна кажа, што ўвесь гэты час не змагаецца – жыве з хваробаю:

«Рак у нас лечаць. Самае галоўнае – своечасова звярнуцца. Адное з самых абавязковых правілаў – пры найменшых прыкметах недамагання звяртацца да лекараў, здаваць аналізы і займацца сабой. І калі ўжо выяўленая анкалогія – прыняць гэта як дадзенасць».

Афіцыйная статыстыка сведчыць, што на анкалагічныя хваробы ў Беларусі пакутуюць 307 тысячаў чалавек, і рак прагрэсуе: хворых большае на тысячу штогод, і гэтае ўзрастанне захаваецца. Рак – другая пасля сэрцава-судзінных хваробаў прычына смерцяў у нашай краіне. Менскія мінакі разважаюць аб прычынах:

«Напэўна, на Беларусь мае ўплыў вялікі ўзровень радыяцыі, таму з’яўляюцца падобныя захворванні. Ну і ўмовы жыцця адпаведна – харчаванне і гэтак далей».

«Чаму – я не ведаю, магчыма, што экалогія. Бо не толькі ў Беларусі, увесь свет хварэе».

« Мне падаецца таму, што выкіды ад аўтамабіляў. Умоваў няма нармальных для жыцця».

«Ракавыя захворванні на ранняй стадыі вельмі добра лекуюцца. Таму чым раней звярнуцца да лекара, тым больш шанцаў паправіцца».

«Я не баюся, гэта па-першае. Хварэе хтосьці з-за экалагічных праблемаў, іншыя – менш зважаюць на сваё здароўе. Цяжка сказаць, чаму, тут лекары не могуць сказаць, не тое што людзі».

Абазнаныя ў праблеме адмыслоўцы сцвярджаюць, што рак – гэта збег шматлікіх абставінаў, як экалогія, тэхналогіі ды лад жыцця. Уласна дрэнныя звычкі, кшталту палення ці злоўжывання салодкім, называюць у шэрагу самых частых прычынаў узнікнення анкалагічных захворванняў. Гэтак, толькі летась свет пакінулі 17 тысяч беларусаў.

«Дакладнай прычыны ніхто не скажа: проста трэба прыняць, і гэта першае. Бо вельмі шмат людзей не могуць прыняць, што з імі гэта здарылася, што іхнае жыццё мяняецца. Як высвятляецца, гэта самае цяжкае. І калі вы прынялі тое, што здарылася, трэба настройвацца на тое, што будзе лячэнне», – кажа кіраўніца Цэнтру падтрымання анкапацыентаў «У імя жыцця» Ірына Жыхар.

«Цар хваробаў» – гэтак называюць рак у асяродку хворых. І адначасна сцвярджаюць: анкалогія – не вырак.

Працягваем тэму з псіхолагам сацыяльна-асветніцкай установы Цэнтр падтрымкі анкапацыентаў «У імя жыцця» Інай Малаш:

«Многім анкапацыентам патрэбная псіхалагічная падтрымка. Гэта не толькі псіхолаг, важнае тлумачэнне ўрача, важны медперсанал, вельмі важныя блізкія. Акрамя звычайнага лячэння важна, каб сам анкапацыент мог з кімсьці пагаварыць аб сваіх перажываннях, часцей за ўсё гэта кладзецца на плечы сям’і. Важна, як настроены пацыент на лячэнне – яго псіхалагічныя асаблівасці таксама маюць значэнне. Я вяду групу падтрымкі анкапацыентаў раз на месяц. Людзі туды прыходзяць, могуць раздзяліць свае перажыванні, пачуць іншых людзей. Кожная група прысвечаная сваёй тэме. А ў гэтым годзе як ніколі раней сталі прыходзіць родныя і сябры разам з пацыентамі. Нават быў выпадак, калі на групу прыйшла жанчына, у якой хварэе мама. Жанчына вельмі гэта перажывала, але не распавяла маме пра дыягназ. Пачуўшы іншых анкапацыентаў, жанчына сказала, што ніколі не думала, што так важна ведаць пра сваё захворванне…»

belsat.eu