Андрэй Саннікаў: Свайго сапраўднага суперніка Пуцін забіў


Былы намеснік міністра замежных справаў, экс-кандыдат на прэзідэнцтва Беларусі Андрэй Саннікаў падзяліўся сваёй ацэнкай наконт выбараў у Расеі.

На ягоную думку, у Расеі не было сапраўдных выбараў, і цяпер «чакаць чагосьці добрага не выпадае»:

«Я лічу, што не толькі нам, свету, але і расейцам, бо не будзе ніякіх рэформаў, ніякіх зрухаў у эканоміцы. Будзе працягвацца вось гэтае кантраляванне ўсёй супольнасці народу Расеі і агрэсія супраць заходніх дэмакратычных краінаў».

Андрэй Саннікаў мяркуе, што Пуцін здолеў «люмпенізаваць Расею»:

«Сёння можна нават назваць люмпенамі адукаваных людзей, якія кіруюцца толькі інстынктамі, тым, што «мы вось вялікія», хаця там тую самую Партугалію яшчэ не дагналі. Я лічу, што, сапраўды, гэта небяспечная з’ява. І я б не сказаў тут пра падтрымку: вось яго падтрымліваюць, значыць, ён легітымны. Не, ён не легітымны, таму што выбараў няма. Таму што аднаго свайго сапраўднага суперніка ён забіў – Барыса Нямцова. Другога, які быў даволі папулярны – Навальнага – выключыў з выбараў. І як можна казаць пра выбары? І працуе прапаганда, прапагандысцкая машына ў Расеі, і ў Беларусі – менавіта расейская».

У адказ на гэта Захаду трэба прымаць радыкальныя крокі, упэўнены Андрэй Саннікаў:

«Радыкальныя крокі павінныя пачаць зараз. Трэба дэманстраваць кадры, як грамадзяне Расеі, яны ж грамадзяне заходніх краінаў, галасавалі – там яўка была ашаламляльная. Там пад 90 % падтрымалі Пуціна: у Нямеччыне, у Францыі, у Англіі. Беларусь – гэта вынік расейскай прапаганды і яе дамінавання ў нашай медыясферы. А вось на Захадзе гэта небяспечна, таму меры трэба прымаць зараз».

Каб выратавацца ад расейскай прапаганды, неабходна адключаць каналы гэтай краіны, як робяць ва Украіне, кажа Андрэй Саннікаў:

«Прапаганда працуе, таму што гэта не прапаганда, а сапраўдная інфармацыйная вайна. І гэтая вайна ідзе не з Захадам, а менавіта з насельніцтвам Беларусі ў тым ліку. Трэба патрабаваць, каб адблакавалі «Хартыю-97». Калі заблакавалі гэты партал, я лічу, што гэта дадало галасоў Пуціна. Улады павінныя гэта зрабіць, таму што ў небяспецы сам Лукашэнка і ягоны рэжым. Выратавацца ён можа толькі з дапамогай незалежных СМІ і толькі праз дэмакратычную апазіцыю. Толькі калі пачнуцца працэсы нейкіх перамоваў паміж рэжымам і дэмакратычнай апазіцыяй, то можна разлічваць, што з’явяцца нейкія пэўныя гарантыі бяспекі і Лукашэнкі, але, перш за ўсё, нашая незалежнасць».

Фотаздымак на застаўцы да відэа Вадзім Рымакоў/ ТАСС