Аглядальнік Радыё «Свабода»: Беларускі бязвіз вельмі нервуе расейцаў


Міжнародны пункт пропуску можа з’явіцца на мяжы з нашай краінай з расейскага боку. У часе сустрэчы з кіраўніком ураду РФ Дзмітрыем Мядзведзевы губернатар Смаленшчыны Аляксей Астроўскі прапанаваў увесці ў эксплуатацыю пункт пропуску «Красная Горка» адмыслова для замежных турыстаў і інвестараў. Чыноўнік меў на ўвазе не беларусаў, а тых замежнікаў, якія прыязджаюць у Беларусь і маглі б патрапіць у Расею праз Смаленшчыну, але не могуць гэтага зрабіць з-за адсутнасці магчымасцяў для памежнага кантролю расейцамі.

Віталь Цыганкоў, аглядальнік Радыё «Свабода»:

«…Ёсць дзве незалежныя дзяржавы, у якіх ёсць асобная замежная палітыка. У беларускай замежнай палітыцы апошнія 2 гады назіраецца пэўны працэс адчыненых дзвярэй. Перш за ўсё ён выражаны бязвізам – дазволам для замежных грамадзянаў прыязджаць у Беларусь на пэўны тэрмін без усялякіх візаў. Расейцы адразу адрэагавалі ўвядзеннем мытнага кантролю на гэты беларускі бязвіз. […] Беларускі бязвіз вельмі нервуе расейцаў, бо любы замежнік з гэтых 80 краінаў, якія сталі прадметам гэтага дазволу прыехаць у Беларусь, ён можа прыляцець у Беларусь, але потым на прыватным транспарце заехаць у Расею. […]

У Беларусі ўвесь час узнікаюць з Расеяй памежныя пытанні. Расея не давярае Беларусі, калі маецца на ўвазе рээкспарт нейкіх харчовых прадуктаў, калі Расея ўвяла свае абмежаванні на расейскія харчовыя прадукты. І ў цэлым, калі гаварыць стратэгічна, апошнія 3 гады – абсалютна розныя накіраванні і вектары замежнае палітыкі. Расея ўсё больш агароджваецца ад свету, яе адносіны з Захадам пагаршаюцца, а Беларусь не хоча станавіцца ў гэты антызаходні шэраг…»