Адзіная выкладчыца-беларуска ў Вышэйшай школе парфумерыі ў Парыжы


Сюжэт пра Вольгу Александэр, якая сваймі араматамі аблягчае пакуты цяжка хворых дзяцей і натхняе музыкаў, зняла праграма «Беларускі свет».

Парфумерка Вольга Александэр жыве ў Бруселі, выкладае ў Вышэйшай школе парфумерыі ў Парыжы ды кіруе навукова-даследчай лабараторыяй у Люксембургу.

«Я прадстаўніца вельмі рэдкай і вельмі цікавай прафесіі – я займаюся альфакторнаю тэрапіяй, або лячэннем водарамі», – распавядае яна пра сябе.

Вольга – ініцыятарка ды асноўная рэалізатарка дабрачыннага праекту «Парфума анёла», у межах якога ствараюцца пахі, здольныя аблегчыць пакуты невылечна хворых дзяцей у Беларусі.

Падчас здымкаў сюжэту для «Беларускага свету» мы паразмаўлялі і са студэнтамі Вольгі, якія акурат атрымалі заданне стварыць кампазіцыю «encrage» – альфакторны стымулятар, які мае дапамагчы чалавеку стаць больш упэўненым у будучыні.

У 2012 годзе Вольга разам з мужам стварылі ў Бруселі краму рэдкай парфумы «Parfum d’Ambre». Гэтая крама – месца, дзе ладзяцца майстар-класы па стварэнні парфумы, а таксама выставы фатаграфіі ды выяўленчага мастацтва.

Тры-чатыры разы на год адбываюцца альфакторныя канцэрты, якія спалучаюць музыку і парфуму: музыкі натхняюцца водарамі і падбіраюць да іх музычныя кампазіцыі ці імправізуюць.

Як выглядае працоўнае месца Вольгі ды якія пахі дапамагаюць тым, хто апынуўся ў госпісе, глядзіце ў праграме «Беларускі свет» (відэа ў пачатку артыкулу).

ІНШЫЯ ТЭМЫ ПРАГРАМЫ «БЕЛАРУСКІ СВЕТ»

  • Іна Аруцюнян распавядае, як яна ўладкавала армянскі Раздан, стварыўшы адукацыйны цэнтр для дзяцей дашкольнага ўзросту.
  • Інструктарка Ганна Фіёнік далучае ўсіх ахвотных да культурніцкае спадчыны польскага Падляшша – белага спеву.

Праграма «Беларускі свет» выходзіць на «Белсаце» па аўторках а 19:05. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

АВ, belsat.eu