Абураныя жыхары Калодзішчаў выйшлі на вуліцу: «Кожны дзень возім дзяцей у Менск у школу»

У Калодзішчах да 7 лютага працягнецца грамадскае абмеркаванне новага генплану паселішча, жыхары якога ўжо не першы месяц пратэстуюць супраць шматкватэрнай забудовы, а таксама блізкага размяшчэння заводу «Амкадор».

– Нашая школа пабудаваная больш за 50 гадоў таму. Яна адзіная на ўсе Калодзішчы. Мы ўдзельнічалі ў перапісе насельніцтва, які паказаў, што тут зусім не такая колькасць дзяцей, пра якую яны кажуць. Дзеці не прапісаныя. У кожным доме ёсць па 2, 3, 4 дзяцёнка, якія тут не прапісаныя – толькі таму, што яны не маюць магчымасці наведваць дзіцячы садок ці школу. Таму яны прапісваюцца ў горадзе. Уручча [мікрараён Менску. – Belsat.eu] перапоўненае каладзішчанцамі, – кажа абураная жыхарка Калодзішчаў.

Астатнія распавядаюць, як гэта – вазіць дзетак кожны дзень у школу ці ў садок у горад.

– Дзякуй Богу ў нас ёсць машына. Мы кожны дзень ездзім на ёй у школу. Нам пашанцавала, мы трапілі ў новую школу ў новым мікрараёне. Але вельмі шмат машын кожную раніцу, дзяцей даводзіцца падымаць вельмі рана. Гэта цяжка, калі так далёка ездзіць кожны дзень туды і назад.

Жыхары абураныя тым, што ў праекце новага Генплану замест школы і двух дзіцячых садкоў плануюць збудаваць шматкватэрныя дамы. Гэтаксама жыллёвая забудова мае паўстаць на месцы «чырвонакніжнага лесу». У гэтым лясным масіве растуць кветкі і расліны, а таксама гняздуюцца птушкі, якія ўнесеныя ў чырвоную кнігу.

Пра што яшчэ казалі жыхары Калодзішчаў, глядзіце ў нашым відэа.

Больш матэрыялаў

У Гомелі мясцовыя жыхары пратэставалі супраць вырубкі яблыневага саду

Жыхары Светлагорску: Адбыўся акт экалагічнага тэрарызму

«Бацькі звальняюцца, каб давезці дзіця ў школу». Жыхары Дроздава выйшлі на вуліцу, каб іх пачулі ўлады

Абураны народ выйшаў уначы