АБСЕ клапоціцца пра беларускія медыі, а беларускія ўлады штрафуюць незалежных журналістаў


Сёння распачаўся афіцыйны візіт у нашую краіну прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Арлема Дэзіра. Заходні госць мае шырокі спектр сустрэчаў, як з праўладнымі, гэтак і з незалежнымі журналістамі ды экспертамі, у тым ліку і з нашымі калегамі з Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні і прэс-сакратар БАЖ:

«Скончылася сустрэча тут, у офісе БАЖ. Вялікая колькасць недзяржаўных медыяў было прадстаўлена на гэтай сустрэчы, у тым ліку і прадстаўніца тэлеканалу «Белсат» у Менску. Арлем Дэзір дазволіў не толькі запісваць і фатаграфаваць, але і цытаваць ягоныя выказванні падчас гэтай сустрэчы. Сустрэча цягнулася больш за 2 гадзіны, і цягам гэтага часу мы паспрабавалі яшчэ раз нагадаць, акцэнтаваць увагу на галоўных праблемах, якія тычацца медыяў у Беларусі. Трэба сказаць, што шмат у чым гэта сяброўскі візіт…»

І сёння ж ілюстрацыя да таго, як у Беларусі са свабодаю СМІ.Ужо чацверты штраф за прафесійную дзейнасць толькі ад пачатку году. Журналістку «Белсату» Вольгу Чайчыц у судзе Дзяржынскага раёну Меншчыны суддзя Іна Шэйко пакарала штрафам у 20 базавых велічыняў (510 рублёў). Традыцыйна абвінавацілі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ.

Вольга Чайчыц распавядае:

«У пратаколе было напісана, што я на працягу двух содняў была ў Курапатах і здзейсніла правапарушэнне. Я ўказвала на судзе, што не ўсталяваны час, няма ніякіх доказаў. Тады выклікалі міліцыянта, які сказаў, што таксама не памятае, якім чынам вызначалі, калі я там была, ці ёсць доказы нейкія, ці няма, таксама не памятае. І ў выніку суддзя прыняла рашэнне, што я ўсё-такі вінаватая…»

belsat.eu