Абразіў міліцыянт? Ён мусіць быць пакараны!


 

Чалавеку заломваюць рукі, надзяваюць кайданкі і вешаюць на крук, ламаюць нос і абражаюць. Так дзеялі не рабаўнікі ці злодзеі, а праваахоўнікі падчас затрымання маладога мужчыны. Гэтая гісторыя, як і гісторыі іншых беларусаў, сталася асноваю для медыяпраекту праваабарончага цэнтру «Вясна» #БезПраваНаРасправу, які дапамагае выкрываць выпадкі міліцэйскага гвалту.

Міліцэйскі гвалт – тэма, якую нельга замоўчваць, упэўнены юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка. Менавіта таму праваабаронцы пастанавілі запрапанаваць людзям, якія пацярпелі ад міліцэйскага гвалту, максімальна гучна заявіць пра свае праблемы.

«Мы заўважылі, што калі людзі бачаць ці чытаюць гісторыі гвалту ў дачыненні іншых, то самыя потым кажуць: «Са мною было тое самае», – тлумачыць Павел Сапелка.

На жаль, савецкі лозунг «мая міліцыя мяне беражэ» у Беларусі часта выглядае як недарэчны жарт. Таму некаторыя людзі, якія сутыкнуліся з несправядлівым абыходжаннем з боку прадстаўнікоў МУС, баяцца адкрыта распавядаць, што здарылася з імі.

Кожная гісторыя, апісаная ў праекце #БезПраваНаРасправу, досыць тыповая. На парушэнні нашых правоў мы нават не звяртаем увагі.

«Шмат хто з нас нават не разумее, калі супраць нас ужываецца гвалт. Зацягнулі кайданкі. Але ж, падаецца, маюць права так рабіць. Але калі гэтыя кайданкі надзяваюць на дзяўчыну, якая не схільная да ўцёкаў і ўвогуле затрыманая, каб скласці пратакол у адміністратыўнай справе, – гэта жорсткасць», – распавядае Павел Сапелка.

Пра тое, як дзеяць у сітуацыі міліцэйскага гвалту, чаму абразы – пад забаронаю, а кайданкі – толькі ў скрайніх выпадках. Глядзіце праграму «Размова дня» з Уладзімірам Мацкевічам і юрыстам праваабарончага цэнтру «Вясна» Паўлам Сапелкам.