А мы і не ведалі. Расея рыхтуе адзіную валюту для ЕАЭС


Еўразійскі эканамічны саюз – мёртванароджаная арганізацыя, якая адстойвае выключна палітычныя інтарэсы Расеі, упэўненыя некаторыя беларускія эксперты. Палітолаг з Казахстану Газіз Шаймердэн пацвярджае: сёння Расея робіць шэраг захадаў, якія можна назваць першымі спробамі адрадзіць Савецкі Саюз. І не падабаецца гэта не толькі беларусам.

Прэтэнзіі да Еўразійскага эканамічнага саюзу Беларусь не саромеецца выказваць на самым высокім узроўні. У сваёй незадаволенасці беларусы не самотныя: прадстаўнікі Казахстану таксама заяўляюць, што саюз не адпавядае заяўленым мэтам і пакуль грае на карысць толькі аднаму ўдзельніку – Расеі. І чым далей існуе ЕАЭС, тым больш агрэсіўныя робяцца захады з боку Масквы.

«Я са здзіўленнем высветліў, што дыскурс, датычны адзінай электроннай валюты на прасторы ЕАЭС, у вас увогуле адсутнічае. У нас цяпер гэтае абмеркаванне ідзе вельмі актыўна. Ініцыятарам, безумоўна, выступаем не мы, у асноўным – расейскі бок. Адзінае, што было, – гэта заява ад нашага ўраду, што цяпер і ў найбліжэйшай перспектыве ўвядзенне адзінай валюты нават не разглядаецца», – распавёў Газіз Шаймердэн.

Але галоўным чынам размовы пра агульную валюту вядуцца з падачы расейскага боку, прапрацоўваецца і нават назва новай сумеснай валюты.

«Існуе нават некалькі варыянтаў назоваў – алтын, еўраз. Спасылаючыся на досвед Еўразвязу, прапануюць увесці гэтак званую электронную валюту. Калі яна будзе ўведзеная і абмежаваная толькі ўзаемаразлікамі недзе ў асобных галінах, то ў прынцыпе, напэўна, нічога страшнага няма. Але калі працэс пойдзе далей, то казаць пра эканамічную незалежнасць ужо не давядзецца», – дадаў Газіз Шаймердэн.

Чаму палітолаг лічыць прапановы ўвесці ў межах ЕАЭС адзіную валюту спробамі ўваскрэсіць Савецкі Саюз, і якія аб’яднанні дапамогуць постсавецкім дзяржавам супрацьстаяць Расеі? Глядзіце ў поўным выданні праграмы «Размова дня» з Уладзімірам Мацкевічам і палітолагам з Казахстану Газізам Шаймердэнам.