18 год турмы за паход у лес


У беларускіх турмах сядзяць ад 30 да 40 тыс. чалавек, паводле звестак праваабаронцаў. Чаму так шмат? Няўжо беларусы – нацыя злачынцаў?

У праграме «Людскія справы» распавядаем пра неадназначныя выпадкі, за якія фігуранты атрымалі доўгія тэрміны.

Ужо амаль 14 год Пётр Кучура адбывае пакаранне ў калоніі. Асуджаны мужчына на 18 год. Згодна з прысудам – за наўмыснае забойства дзяржінспектара па ахове жывёльнага і расліннага свету. Паводле высноваў суда, мужчына займаўся браканьерствам, а калі пабачыў інспектара – застрэліў яго. Жонка Пятра Кучуры, Людміла, увесь гэты час прыкладае намаганні, каб давесці невінаватасць мужа.

«У дзень, калі адбылося гэтае забойства, мой муж з двума сябрамі былі на лецішчы непадалёк, у Дзяржынскім раёне – так, яны паехалі папаляваць, – распавядае спадарыня Людміла. – Сябры засталіся ў лазні, а муж пайшоў у лес, нічога не ўпаляваў і вярнуўся. Пра забойства ён даведаўся на наступны дзень у Менску, калі яго выклікалі ў якасці сведкі. З міліцыі ён ужо не вярнуўся: са сведкі стаў абвінавачваным».

Людміла Кучура звяртае ўвагу на шматлікія нестыкоўкі ў справе: куля, якую знайшлі на месцы забойства, знікла з матэрыялаў справы, як і машына, на якой прыехаў забіты інспектар з калегамі.

«Патроны, якія былі ў майго мужа, з такім як бы спілаваным верхам, – кажа Людміла Кучура і паказвае фотаздымкі з матэрыялаў справы, – Калі б забілі такім патронам, выхадная адтуліна была б памерам з кулак. А там невялікая дзірачка. Аднак усе патроны, канфіскаваныя ў мужа, былі знішчаныя, каб немагчыма было правесці паўторную экспертызу».

Яшчэ адзін момант, пра які кажа жанчына: ціск з боку службовых асобаў і патрабаванні ўзяць віну на сябе, з якімі сутыкнуўся муж адразу пасля затрымання. Пра гэта піша сам Пётр Кучура ў лісце да Аляксандра Лукашэнкі:

«Мяне дапытвалі і вялі гутарку розныя прадстаўнікі ўлады высокага уроўню. Усе яны ў адзін голас паўтаралі, каб я ўзяў віну на сябе, пры гэтым пагражалі фізічнай расправай майму сыну і жонцы. […] Мяне вывозілі на следчы эксперымент, на тое поле, дзе быў знойдзены труп Гурына. Спачатку без фіксацыі на відэакамеру мне патлумачылі, што я павінен гаварыць, а менавіта: як я ішоў, як убачыў чалавека, як я ў яго страляў. […] Перад пачаткам здымкі пракурор мяне інструктаваў як рабіць і як казаць. […] Я так і сказаў, як ён мяне прасіў».

Пра тое, што даваў паказанні словамі чыноўнікаў, Петр Кучура заяўляў і на судзе, але гэта засталося без увагі. «Са мной размаўлялі службовыя асобы. Мне ўсё казалі, пераконвалі, што быў чалавек. Я казаў іх словамі», – пазначана ў пратаколе судовага паседжання.

З моманту, калі прагучаў прысуд, і дагэтуль Людміла Кучура дамагаецца перагляду справы, каб давесці невінаватасць мужа. За амаль 14 год жанчына падала 16 наглядных скаргаў у Вярхоўны суд і генеральную пракуратуру. Але як толькі спадарыня Людміла распачынае актыўную дзейнасць, ейны муж сутыкаецца з ціскам у калоніі, трапляе ў ШЫЗА. І дадае, што калі яна пачала пісаць скаргі і патрабаваць перагляду справы, пры загадкавых абставінах загінулі двое сяброў мужа, якія былі з ім на лецішчы ў дзень забойства інспектара.

За гады змагання Людміла Кучура пачала дапамагаць і іншым. Разам яны стварылі «Ініцыятыву за справядлівы суд у Беларусі», дамагліся перагляду некаторых справаў і вызвалення несправядліва асуджаных.

Пра гэта – у поўным выданні праграмы «Людскія справы»:

«Людскія справы» глядзіце кожны чацвер а 18:55 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» , а таксама онлайн на нашай старонцы.

Пішыце нам у Facebook, Vk ды Одноклассники. Будзьце разам з намі ў суполках у Instagram. Самае цікавае чытайце ў канале Telegram.