14-гадовыя берасцейскія футбалісты прымяраюцца да «Барсэлоны»


Найлепшыя дзіцячыя каманды Еўропы ў мінулыя выходныя змагаліся за галоўны прыз «Міленіум Кап» у Берасці. У выніку пераможцам стала акадэмія славутай іспанскай «Барсэлоны», а хлопцы з мясцовага «Дынама» паказалі, што маюць моцны характар.

Трэнуе гэту каманду 31-гадовы трэнер Аляксандр Калацей, які пагуляў у БАТЭ, «Віцебску» і ў клубах першай лігі, але скончыў кар’еру праз траўму і з 2017 года працуе трэнерам у акадэміі берасцейскага «Дынама». З таго часу ягоная каманда хлопцаў 2005 года нараджэння ўжо перагуляла мадрыдскі «Рэал» і «Атлетыка» ды была найлепшай на турніры ў Шатландыі, выступіўшы мацней за мясцовых грандаў: «Рэйнджэрз» і «Сэлтык». Цяпер берасцейцы прымерыліся і да яшчэ аднаго топу – «Барсэлоны».

Уладзімір Мачульскі, генеральны сакратар «Дынама» (Берасце):

«У першую чаргу гэта ім дае ўпэўненасць у сабе, калі згуляеш на гэтым узроўні і выходзіш за зборную супраць Іспаніі ці Нямеччыны, ужо не будуць так трэсціся ногі, як у гульцоў іншых каманд. І другое: яны разумеюць, што ёсць да чаго імкнуцца і яны могуць змагацца».

У першым для сябе матчы турніру берасцейцы прапусцілі адзін мяч за дзесяць секундаў да канца гульні, але не здаліся і, разбіўшы ўкраінскае «Дняпро» (3:0), выйшлі з групы з першага месца, а ў паўфінале былі мацнейшыя за «Кайрат» (1:0). У фінале «Дынама» зноў сустрэлася з «Барсэлонай» і, нягледзячы на паразу 0:3, гуляла значна смялей. Чаго не скажаш пра беларускае БАТЭ, якое выступіла не так упэўнена і заняла толькі 5 месца сярод 6 удзельнікаў.

Марк Сэра Грэгоры, галоўны трэнер «Барсэлоны» (2005):

«Мы задаволеныя турнірам і арганізацыяй, усё зроблена выдатна, нас тут цудоўна прымаюць. А калі казаць пра «Дынама», то гэта моцная каманда, якая аказала нам добры супраціў».

Пры гэтым трэнер «Барсэлоны» адзначае, што абавязковае патрабаванне да ягонай каманды – валодаць мячом і дамінаваць на полі. А капітан «Дынама» Арцём Турыч (2005 г.) кажа, што яны пакуль толькі вучацца:

«Мы не глядзім на вынік, калі гуляем супраць іншай каманды, у першую чаргу наш галоўны трэнер глядзіць на гульню, як мы гуляем тэхнічна, тактычна».

Аляксандр Калацей, галоўны трэнер «Дынама» (Берасце), 2005:

«Адназначна характар у каманды ёсць, трэба проста ўсведамляць, якая каманда нам супрацьстаяла, як у групе, так і ў фінале, чаму мы вельмі рады, што згулялі з такім супернікам як «Барсэлона» двойчы. Гэта велізарны для хлопцаў вопыт, і няўзброеным вокам відаць, што «Барсэлона» працуе цалкам на іншых хуткасцях, нам вельмі шмат ёсць над чым працаваць і да чаго імкнуцца».

Кіраўніцтва берасцейскага «Дынама» упэўненае, што толькі гульні з моцным дазволяць дасягнуць поспеху.

Алесь Ляўчук belsat.eu