Зянон Пазняк: У іх нічога не атрымаецца. Саюзная дзяржава – фальшыўка


Увагу беларусаў адцягваюць ад галоўнай праблемы. На пяску хочуць зрабіць акупацыю Беларусі пад відам законных дзеянняў, заявіў Зянон Пазняк, старшыня Кансерватыўна-хрысціянскай партыі – БНФ у студыі «Прасвету». У інтэрв’ю Аліны Коўшык – пра тое, чаму ўлады не прызнаюць Кастуся Каліноўскага, і каментар аб звароце беларускай інтэлігенцыі да Літоўскай Рэспублікі дзеля перапахавання Кастуся Каліноўскага на тэрыторыі Беларусі.

Ці адчуваеце вы ў пэўным сэнсе перамогу ад таго, што хутчэй за ўсё Кастусь Каліноўскі застанецца ў Вільні?

Гэта было адразу зразумела. Тое, што тварылася з гэтым лістом, супярэчыць здароваму сэнсу, супярэчыць культуры, супярэчыць духоўным традыцыям, культурным. Гэта вельмі дрэнна выглядае. Адзіная небяспека была ў тым, што ўлада, якая ў Беларусі, здольная на ўсялякія кульбіты пасля таго, як паламалі крыжы ў Курапатах. Мала хто спадзяваўся, што яны могуць пайсці на такое злачынства – ламаць крыжы, але ж пайшлі. Таму тут таксама была пэўная небяспека, але я думаю, што бальшыня грамадства звярнула на гэта ўвагу і зразумела, што гэтага рабіць няможна.

Ці пры нейкіх умовах сённяшняя ўлада магла б зрабіць крок да ўшанавання Кастуся Каліноўскага?

Не. Гэтая ўлада заточаная на знішчэнне нацыянальнай культуры, яны не прызнаюць паўстанне 1863 года як вызвольнае паўстанне. Яны не прызнаюць Каліноўскага як беларуса і кіраўніка паўстання за вольнае Вялікае княства і Беларусь. Каліноўскі пісаў у сваёй «Праўдзе» пра ўсё. Але ў першую чаргу гэта быў чалавек, які падняў беларускі сцяг. Яны гэтага не прызнаюць. Нават выказванні розных клеўрэтаў, скажам так, з РПЦ папросту ганебныя. Напрыклад, было такое выказванне: «Яго трэба выкапаць і яшчэ раз павесіць». Гэта мова нянавісці. І гэта падтрымлівае ўлада. Выключаецца, каб яна нейкім чынам спрыяла нашай культуры і Кастусю Каліноўскаму.

Магчыма, добрым выйсцем з гэтай сітуацыі было б пахаваць Кастуся Каліноўскага ў Вільні, але нейкую сімвалічную частку прывезці ўсё ж такі ў Менск. Так, напрыклад, палякі зрабілі з Шапэнам, які спачывае ў Парыжы, але сэрца ягонае ў Варшаве.

Я думаю, што гэтага рабіць не трэба. Традыцыі такія ёсць. Мошчы – і ў хрысціянскай традыцыі гэта ёсць. Але штосьці, я пра сябе скажу, мая душа гэтаму супярэчыць. Палякі – асаблівы народ. Яны могуць сэрца пахаваць у Вільні, а цела пахаваць у Кракаве. Як такі анекдот: «A komu flaki zostawili?» («А каму пакінулі кішкі?» – рэд.) Так што не ведаю. Я б гэтага не рабіў, калі б ад мяне гэта залежала. Але я разумею, што ёсць розныя традыцыі, у тым ліку хрысціянскія. Гэта можа вырашыць тая ўлада і той урад, які будзе беларускім, які будзе прыхільны да нашай культуры, да нашага народу.

Аб’ектыў
Алексіевіч супраць Пазняка. Каліноўскі раскалоў беларусаў
2019.09.25 22:04

Ці збіраецеся вы 22 лістапада ў Вільню?

Я спецыяльна прыехаў, каб абавязкова там быць, але ў мяне здарыліся такія важныя падзеі ў Нью-Ёрку, што я тэрмінова павінен ад’ехаць, на вялікі жаль, не змагу прысутнічаць.

Але вы лічыце, што беларусы там павінны быць? Ці мы павінныя даць кліч: «Беларусы, едзьма ў Вільню 22-га!»?

Абавязкова, я ў гэтым не сумняваюся, тут і клічу даваць не трэба. Беларусы паедуць. Вільня, як некалі сказаў Жылка, – гэта крывіцкая Мекка. Колькі будзе Беларусь, колькі мы будзем існаваць, гэты святы горад будзе паважаны, таму што адсюль пачалося нашае дзяржаўнае існаванне. Гэта нашая старажытная сталіца Вялікага княства Літоўскага, таму яна ніколі не будзе забытая, пакуль будзе Беларусь, будзе незалежнай, пакуль будуць жыць беларусы. Вось чаму абавязкова пантэон з Каліноўскім і з паўстанцамі павінен быць там, дзе паўстанне пачыналася і дзе яны былі па-зверску забітыя і пахаваныя ў брацкай магіле. Брацкую магілу не дзеляць, гэта ўсе яго паплечнікі, яны разам. Таму не сумняваюся ў гэтым і думаю, што беларусы прыедуць і годна сваю памяць засведчаць.

Што ў гэтыя складаныя часы можа аб’яднаць беларусаў? Мы бачым, што тэма Каліноўскага сапраўды ўсхвалявала грамадства. Мы падзяліліся, але тым не менш не былі абыякавымі. Што яшчэ можа нам дапамагчы ўзгадаць, хто мы такія?

Беларусы ведаюць, хто яны такія. Я ў гэтым не сумняваюся. Кожны ведае, хто такі Каліноўскі. Ведаюць, што яны беларусы, ведаюць, што ў іх мова ёсць беларуская. Яны ўсё гэта ведаюць. Можа, у некаторых пытаннях палітыкі яны пад уплывам прапаганды могуць не арыентавацца, чалавек не можа жыць кожны дзень палітыкай. Тут сумнення ніякага няма: мы салідарныя, аб’яднаныя. Гэтая ўлада антыбеларуская, яна якраз спрыяе не аб’яднанню, але раздзяленню людзей. Як толькі гэтая ўлада антыбеларуская перастане існаваць, а яна перастане існаваць, Беларусь адразу аб’яднаецца. Яна ўжо ёсць аб’яднаная.

Але сама яна хутчэй не перастане існаваць. Нейкія чыннікі мусяць гэтаму спрыяць, ці нехта мусіць штосьці зрабіць?

Безумоўна, безумоўна. Для таго, каб адбыліся падзеі, павінна саспець грамадства, павінен быць планктон.

Ён ёсць у нас цяпер?

Ён ёсць, але ён пераследуецца гэтай уладай. Ён, як кажуць, знаходзіцца ў падполлі, ён знаходзіцца ў розумах людзей, але не выходзіць на паверхню. Ён павінен быць на паверхні. Як было за часы Савецкага Саюзу: усё было ў сэрцы, у галовах, і ў 1980-х гадах паступова гэта вылілася. Калі з’явіўся Народны фронт, пачалася масавая падтрымка, і людзі дасягнулі незалежнасці, развіталіся з камунізмам. Так і тут. Пакуль не будзе створанае гэтае асяроддзе, які б ні з’явіўся лідар, хто б ні быў, яму будзе цяжка, бо ён не знойдзе гэтай падтрымкі. Таму праца інтэлігенцыі, праца палітычная павінна быць у тым, каб дапамагаць людзям зразумець сітуацыю, зразумець, што Беларусь – гэта іх агульны дом. Шчасце іх толькі тут. Ні ў Амерыцы, ні ў Польшчы – нідзе на свеце беларус не будзе шчаслівы, толькі тут яго шчасце, тут яго дом, і за гэты дом трэба змагацца. Цяперашняя задача такая ў нашай інтэлігенцыі, а не пісаць нейкія непрадуманыя лісты, як яны зрабілі. Думаю, некаторыя людзі, якія падпісалі, ужо задумаліся, што яны зрабілі памылку.

Над намі ўсё больш вісіць пагроза страты нашай незалежнасці. Мы бачым, што і Масква робіць пэўныя станоўчыя крокі да таго, каб тое, што для нас самае галоўнае цяпер засталося, – нашую незалежнасць – мы страцілі. Паглыбленне інтэграцыі. Больш за тое, улады хаваюць дакументы, якія ўжо падрыхтаваныя. Што вы думаеце на гэты конт? Ці штосьці мы яшчэ можам зрабіць? Як змагацца для таго, каб захаваць наш найважнейшы скарб?

Я думаю, што нічога ў іх не атрымаецца. Канешне, яны не маюць ніякай юрыдычнай падставы. Тое, што было ў 1998–1999 гадах, – яно нікчэмнае. Тая дамова не мае ніякай юрыдычнай сілы. Гэта фальшыўка, непрызнаная ўсім светам, непрызнаная юрыстамі. Яны на гэтай вадзе, на гэтым пяску хочуць зрабіць акупацыю Беларусі пад выглядам нейкіх законных дзеянняў. Гэта ўсё незаконна, таму яны гэта хаваюць ад народу. І таму гэта ўсё тайна недзе за кулісамі робіцца. А чаму тайна? Яны ж баяцца гэтага народу. Яны ж баяцца. Не толькі міжнароднай супольнасці, яны народу гэтага баяцца. Таму што народ ужо не той, які быў у 1999 годзе. Проста так гэта не пройдзе. З другога боку тэхналогія такая: падкідваюць розныя пустышкі. Лукашэнка зрабіў папросту варварскі ход, вярнуўшы гэтую настаўніцу, якая лаялася матам і гэтак далей. Уся Беларусь аб гэтым гаворыць. Гэта не тая падзея, якая павінна ўсё грамадства на працягу цэлага месяца цікавіць. Цяпер напісаны гэты ліст. Фактычна людзі пачынаюць дыскутаваць, колькі будзе двойчы два: пяць ці сем? Гэта ўсё пустышкі, якія нашае грамадства адцягваюць ад галоўнага пытання.

Але з іншага боку людзі маюць права на розныя меркаванні. Я, напрыклад, асабіста таксама за тое, каб частка Кастуся Каліноўскага прынамсі знайшла сваё месца ў Беларусі, каб ён быў бліжэйшы да нас, да беларусаў. Я хацела б яшчэ вярнуцца да таго, што, на жаль, вас не будзе на перапахаванні 22 лістапада. Ці, можа, усё ж такі варта змяніць свае планы, нават калі яны вельмі важныя? Але гэта беспрэцэдэнтная гістарычная падзея для нас. Каб Зянон Пазняк, адзін з сімвалаў нашага адраджэння, быў з намі ў гэты момант.

Справа ў тым, што гэтага змяніць нельга. На вялікі жаль. Я думаю, што не ўсё ўперылася ў Пазняка. У нас шмат ёсць людзей, у нас ёсць дэпутаты незалежнасці, якія змагаліся за незалежнасць. Яны ўсе прыедуць у Вільню, і яны там выступяць, і народ іх увесь падтрымае. Літоўцы іх памятаюць, так што гэта невялікая страта, калі я там не буду, але я буду сэрцам там, у Вільні.

Дзякуй вялікі за размову!

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «ПраСвет» 27.09.2019

Іншыя тэмы выдання:

Стужка навінаў