Зянон Пазняк пра дзень народзінаў: Лукашэнка б мяне не павіншаваў, у яго няма пачуцця гумару!


Вядомы палітык, змагар за незалежнасць Беларусі і проста добры чалавек святкуе 75-ты дзень народзінаў.

Belsat.eu павіншаваў спадара Зянона з гэтаю датай і запісаў з ім інтэрв’ю.

Гэты дзень нельга назваць звычайным днём.

Усё роўна адзначаеш яго ў памяці, што ты з’явіўся на свет. Але я ніколі не раблю з гэтага помпы, бо гэта помпа толькі для мяне. Я ўдзячны Богу, маці, што нарадзіўся. Для рэшты гэта не важна, таму стаўлюся да дня народзінаў вельмі спакойна.

За гэтыя гады я троху паразумнеў.

Нават за апошнія пяць гадоў. Але ў жыццёвых прыярытэтах у мяне нічога не змянілася. Я нарадзіўся ў такіх абставінах, такой сям’і, я ніколі не быў савецкім чалавекам, я ніколі не падтрымліваў бальшавікоў, камуністаў. Я ведаў, хто мае продкі. З падлеткавых гадоў мы, я і мае сябры, марылі пра вольную Беларусь.

Гэта тое, што ўдалося зрабіць, да чаго я спрычыніўся. Для мяне ў жыцці гэта найвялікшае шчасце. Я перажыў, як сказаў Пётра Садоўскі, «мы усе перажылі гістарычнае шчасце». Вось гэта самае важнае, што здарылася ў маім жыцці. Усё астатняе – цяжкасці, хваробы – мішура і не мае значэння.

Незалежная Беларусь – мара цэлага пакалення.

Калі паглядзець абʼектыўна і цвяроза, то тое, што ўдалося зрабіць у 1991 годзе, – гэта цуд і Божая ласка. Што адбыўся такі збег абставінаў, у патрэбны час і патрэбным месцы аказаліся патрэбныя людзі. Калі б гэтага не было, было б горай. Трэба быць удзячным гісторыі, лёсу, Богу, што мы выкарысталі адзіную магчымасць.

Акупацыйны адкат – таксама досвед для нацыі.

Я ўжо бачу пры ўсіх цяжкасцях і стратах, якія ёсць, што знішчаная грамадзянская супольнасць, нацыя ўсё ж такі акрэпла. У іх нічога не атрымаецца. Я бачу гэтыя працэсы і вынікі. І яны гэта бачаць.

Яны нервуюцца, пачалі крыжы ў Курапатах ламаць. Яны ў адчаі, бо па іх логіцы ўсё даўно павінна было быць знішчана. А яно расце. Таму гэты цяжкі перыяд – як цяжкая хвароба. Спадзяюся, што застанецца імунітэт, і ніколі нічога не знішчыць наш народ.

Я думаю, што яшчэ ўбачу Беларусь.

Калі Богу будзе заўгодна, гадоў сто можна паскакаць! Конік бяжыць, таму ўсё добра.

Віншаванні ад Лукашэнкі – з такой умоўнасці, якой у рэальнасці ніколі не бывае. Я яго добра ведаю. У яго адсутнічае гумар. З гумарам ён мог бы такое зрабіць, але пачуцця гумару ў яго няма (смяецца).

ДР belsat.eu

Стужка навінаў