Зяленскага на понт не ўзялі

Пасля таго, як прэм’ер-міністр Украіны Аляксей Ганчарук абвясціў аб сваёй гатоўнасці сысці ў адстаўку, ён зрабіў тое, што належыць у падобных выпадках. Паехаў у Офіс прэзідэнта, дзе, верагодна, заяву аб адстаўцы і падаў асабіста Уладзіміру Зяленскаму. Вярхоўная Рада дарэмна чакала Ганчарука: адказваць замест яго давялося міністру замежных спраў Вадзіму Прыстайку, да якога прэтэнзій не было – але раз ужо ўсё роўна трапіўся, дык хоць нервы паказычам…

Заява Ганчарука пра адстаўку істэрычным крокам назваць нельга. Паспешлівым – так, але не істэрычным. Пасля з’яўлення ў інтэрнэце гуказапісу закрытай нарады, якую ён праводзіў з кіраўніцтвам Міністэрства фінансаў і Нацыянальнага банка, у яго не было іншага выйсця: запіс быў названы «Як падмануць прэзідэнта?». Значыць, прэзідэнт і павінен быў вырашаць, ці сапраўды бліжэйшыя памочнікі ў справе кіравання Украінай збіраліся яго «развесці», або, наадварот, тыя, хто гэты запіс у інтэрнэт «зліў», «разводкай» такім чынам займаліся. Усё лагічна.

Уладзімір Зяленскі.
Фота: Ганна Лысун / Belsat.eu

Зяленскі, як можна здагадацца, рашэнне прыняў. Ва ўсякім выпадку, у фэйсбучных акаўнтах шэрагу міністраў раптам, як па камандзе, пачалі з’яўляцца тэксты, якія сведчаць аб іх лаяльнасці Ганчаруку. А потым у стала адначасова вядома, што Уладзімір Аляксандравіч правёў у сябе нараду з кіраўнікамі сілавога блока, якая завяршылася патрабаваннем: у двухтыднёвы тэрмін даведацца, хто менавіта праслухоўваў прэм’ер-міністра, і далажыць прэзідэнту.

Пасля чаго з ютуба скандальныя запісы неяк знянацку зніклі.

Зяленскага можна зразумець. Чалавек усё жыццё быў камандным гульцом, пачынаючы з каманды КВЗ. І ён вельмі добра ведае, што сцэна – адно, а «курылка» і «раздзявалка» – зусім іншае.

І патрабаваць ад паплечнікаў аднолькава пачцівага да цябе стаўлення на сцэне і ў «курылцы» або «раздзявалцы» – ну, зусім не па-пацанску. У рэшце рэшт, урад краіны – гэта не той кот, якога набываюць як ўпрыгожванне інтэр’ера, а драпежнік, які павінен лавіць мышэй. Вось, хай ловіць. Пакуль што, мяркуючы па ўсім, лавіў.

Cпикер ўкраінскага парламента Дзмітрый Разумкоў, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і прэм’ер-міністр Украіны Аляксей Ганчарук. Фота Sergei Chuzavkov / Zuma Press / Forum

Мае рацыю Зяленскі і ў іншым. Санкцыю на праслухоўванне вышэйшых службовых асоб у краіне не мае права даваць ніхто, не паінфармаваўшы кіраўніка дзяржавы – і толькі ў тым выпадку, калі на тое ёсць сапраўды важкая падстава (напрыклад, дакладныя факты пра карумпаванасць членаў урада або падазрэнні ў дзяржаўнай здрадзе). А так, прабачце, сёння прэм’ера праслухоўваюць, а заўтра – прэзідэнта? Украіна ўжо праходзіла праз нешта падобнае ў часы Леаніда Кучмы (маем на ўвазе славутыя «плёнкі маёра Мельнічэнкі»). А цяпер, да таго ж, ідуць ваенныя дзеянні, і падобная несанкцыянаванае праслухоўванне можа дорага абысціся для бяспекі краіны; у рэшце рэшт, прэзідэнт – галоўнакамандуючы, а прэм’ер-міністр – член Рпады нацыянальнай бяспекі і абароны.

Карацей, падобна, што Зяленскі зрабіў правільныя высновы, і ўзяць на понт яго не ўдалося. А праз два тыдні стане зразумела, ці выканалі сілавікі загад кіраўніка дзяржавы, ці ўсю гэтую гісторыю з «плёнкамі Ганчарука» прыйшлося зліць у прыбіральню. Пачакаем. Нядоўга засталося.

Аляксандр Фядута/АА belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў