ЗША ўвялі дадатковыя санкцыі супраць Расеі за спробу ўмяшання ў выбары


Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі ў дачыненні да чатырох юрыдычных і сямі фізічных асобаў, звязаных з «Агенцтвам інтэрнэт-даследаванняў» – расейскай «фабрыкай троляў», якую вінавацяць ва ўмяшанні ў прэзідэнцкія выбары 2016 года. Пра гэта паведамляе golos-ameriki.ru.

У санкцыйных спіс трапілі Дзяніс Кузьмін і Ігар Несцераў. Мяркуецца, што яны звязаныя з расейскім алігархам Яўгенам Прыгожыным. Пад санкцыі трапілі падкантрольныя Прыгожыну кампаніі Autolex Transport, Beratex Group і Linburg Industries, зарэгістраваныя на Сейшэльскіх выспах, а таксама філіял Linburg Industries ў Чэхіі. Акрамя таго, у чорны спіс уключаная яхта St. Vitamin і тры прыватных самалёта, запісаныя на гэтыя кампаніі.

Мінфін таксама ўвёў санкцыі ў дачыненні да яшчэ чатырох асоб, звязаных непасрэдна з «Агенцтвам інтэрнэт-даследаванняў».

Як заяўляюць у Дзярждэпартаменце, ЗША працягваюць прымаць меры ў адказ на спробы Расеі паўплываць на дэмакратычныя працэсы ў ЗША, узмацняючы ціск на Прыгожына.

«Няхай гэта паслужыць папярэджаннем: любыя асобы, якія працягваюць узаемадзейнічаць з названымі людзьмі, кампаніямі, самалётамі або судамі, могуць таксама падвергнуцца санкцыям у будучыні. Урад ЗША працягне прымаць меры, каб гарантаваць, што Прыгожын і падобныя яму людзі не здабудуць прытулку і супакаення, пакуль займаюцца дзейнасцю, якая пагражае інтарэсам Злучаных Штатаў і іх саюзнікаў і партнёраў», – падкрэслілі ў Дзярждэпартаменце.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў