Вашынгтон пашырыў санкцыйныя спісы ў дачыненні да Расеі за «працягванне ігнаравання міжнародных нормаў». З такім сцвярджэннем выступіла міністэрства фінансаў ЗША. Пад абмежавальныя меры патрапілі 18 фізічных асобаў і чатыры інфармацыйныя рэсурсы.
Санкцыі пашыраныя ЗША ў адказ на ўмяшальніцтва грамадзянаў Расеі ў хаду амерыканскіх выбарчых працэсаў, кібератакі на Сусветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) і «іншую зламысную дзейнасць». Пры гэтым удакладняецца, што да такой дзейнасці аднесена і «спроба забойства ў Злучаным Каралеўстве» Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі.
Згодна інфармацыі фінансавага ведамства ЗША, у чорныя спісы ўнесеныя 15 супрацоўнікаў ваеннай выведкі Расеі.
Пад абмежавальныя меры падпалі Аляксей Марэнец і Яўген Серабракоў, якіх абвінавачваюць у дачыненні да кібератакаў на WADA і АЗХЗ ў 2016 годзе.
«З 2016 па 2018 год Расея здзейсніла кібератакі ў дачыненні да Сусветнага антыдопінгавага агенцтва, арганізацыі па забароне хімічнай зброі і іншых міжнародных некамерцыйных арганізацыяў», – гаворыцца ў заяве.
Акрамя таго, у санкцыйных спісе ЗША апынуліся Аляксандр Пятроў і Руслан Башыраў, падазраваныя Лонданам у атручванні былога палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі.
Акрамя іншага ў чорны спіс Злучаных Штатаў трапілі чатыры расейскія інфармацыйныя рэсурсы. Гэта інфармацыйнае агенцтва Неўскія навіны, інтэрнэт выданне «Федэральнае агенцтва навінаў», ФБА «Эканоміка сёння» і англамоўнае інтэрнэт-выданне USA Really. Паводле амерыканскіх уладаў, рэсурсы «мелі намер умешвацца ў палітычныя і выбарчыя сістэмы па ўсім свеце» у межах так званага Праекту Лахці (Project Lakhta), што фінансуецца Яўгенам Прыгожыным і яго кампаніямі Concord Catering і Concord Management. Апошнія ўжо ў чорных спісах, таксама як Прыгожын.
Акрамя таго, у спіс уключылі Алена Хусяйнаву, якой у кастрычніку мінюст ЗША прад’явіў абвінавачванні ў спробе ўплыву на палітычныя працэсы ў ЗША.
СК, belsat.eu