ЗША можа нанесці ракетны ўдар па Сірыі цягам бліжэйшых 72 гадзінаў


Еўрапейскае агенцтва авіяцыйнай бяспекі (EASA) папярэдзіла авіякампаніі пра новыя правілы палётаў над усходняй вобласцю Міжземнага мора.

У сувязі з «магчымым запускам ракет у напрамку Сірыі» цягам «наступных 72 гадзінаў» палёты трэба планаваць з улікам аператыўнай інфармацыі, адзначаецца ў паведамленні. Паветраныя калідоры рэйсаў у рэгіёне неабходна дадаткова перагледзець, каб пазбегнуць пагрозы грамадзянскай авіяцыі.

Авіябомбы з хімрэчывам 7 красавіка, якія забілі як мінімум 70 сірыйцаў у непадкантрольных войскам Асада раёне, сталі прычынай экстранага паседжання Савету бяспекі ААН. Краіны Захаду амаль не сумняваюцца, што за хімічную атаку ў сірыйскім горадзе Дума, апошнім апоры сірыйскай апазіцыі ў правінцыі Ўсходняя Гута, адказнасць нясуць войскі Асада, Расея ды Іран.

ЗША рэзка асудзілі хімічную атаку і заявілі, што Расея, улічваючы нязменнае падтрыманне рэжыму Асада, таксама мусіць панесці адказнасць. Трамп прыгразіў адплаціць за магчымую хіматаку хоць расейскія вайскоўцы зняпраўджваюць факт выкарыстання хімічнай зброі.

10 красавіка тэлеканал CNN Turk паведаміў, што амерыканскі эсмінец «Дональд Кук» (DDG-75), абсталяваны крылатымі ракетамі «Тамагаўк», а таксама сістэмай супрацьракетнай абароны «Іджыс», падышоў да сірыйскага гораду Тартус, дзе размешчана база матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ВМФ Расеі, на адлегласць у прыкладна 100 км.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў