ЗША: канфлікт у Лівіі робіцца больш крывавым праз расейскіх наймітаў

Злучаныя Штаты «вельмі занепакоеныя» узмацненнем канфлікту ў Лівіі і ростам колькасці расейскіх наймітаў, якія падтрымліваюць сілы Халіфы Хафтара, што вядзе да павелічэння ахвяраў. Пра гэта заявіў высокапастаўлены прадстаўнік Дзярждэпартамента, паведамляе Reuters.

Чыноўнік падкрэсліў, што ЗША па-ранейшаму прызнаюць урад нацыянальнай згоды, але ў лівійскі канфлікт не ўмешваюцца і размаўляюць з усімі бакамі.

«Мы вельмі занепакоеныя актывізацыяй ваеннага супрацьстаяння. Мы бачым, што расейцы выкарыстоўваюць гібрыдныя сродкі, выкарыстоўваюць беспілотнікі і самалёты… Гэта дрэнна», – сказаў суразмоўца Reuters.

«У сувязі з ростам колькасці паведамленняў пра сілы ПВК Вагнэра і наёмнікаў на месцах, мы думаем, што гэта мяняе агульны выгляд канфлікту і ўзмацняе яго», – сказаў чыноўнік на ўмовах ананімнасці.

З таго часу, як у 2011 годзе быў зрынуты і забіты кіраўнік Муамар Кадафі, у Лівіі пануе палітычная нестабільнасць і двоеўладдзе. На захадзе краіны, у Трыпалі, размяшчаецца ўрад нацыянальнай згоды, сфармаваны пры падтрымцы ААН і прызнаны міжнароднай супольнасцю. На ўсходзе знаходзіцца парламент і армія пад камандаваннем фельдмаршала Халіфа Хафтара.

У апошнія гады Хафтар наладзіў шчыльныя стасункі з Масквой. Паводле СМІ, частку вагнэраўцаў летась перакінулі ў Лівію, таксама Расея пастаўляе туды ўзбраенне. У красавіку 2019 года Хафтар актывізаваў свае дзеянні і пачаў наступ на Трыпалі.

Прадстаўнік Дзярждэпартаменту дадаў, што ўдзел вагнэраўцаў не змяніў расстаноўку сілаў на карысць Хафтара.

«Гэта спрыяе канфлікту, які вядзе да гібелі большай колькасці чалавек, да павелічэння стратаў для цывільнага насельніцтва, для інфраструктуры, аэрапортаў, лякарняў… Але ў той жа час, мы не бачым, што Хафтар перамагае», – дадала крыніца.

Амерыканская газета распавяла пра расейскіх наймітаў у Лівіі

ІІ belsat.eu

Hавiны