ЗША – Іран. Чаму не пачалася вайна?


2020 год ледзьве паспеў пачацца, як свет стаў на мяжы маштабнага ваеннага канфлікту. На асабісты загад Доналда Трампа ў Багдадзе зліквідавалі генерала Корпусу стражаў Ісламскай рэвалюцыі Касэма Салеймані. У адказ Тэгеран нанёс ракетныя ўдары па дзвюх амерыканскіх вайсковых базах у Іраку. Напружанне ў рэгіёне сягнула зеніту і… пайшло на спад. Каму гэта было патрэбна ды чаму ў і без таго ахопленым канфліктамі рэгіёне няма спакою?

Каля паўтара дзясятка ракетаў малой дальнасці ўпалі ў сераду на вайсковыя базы ЗША «Эрбіль» і «Аль-Асад» у Іраку. Але выглядае, што іранская помста нанесла ледзь не болей шкоды мясцовым жыхарам, чымся базам.

Распавядае Наджэан Ахмэд, мясцовая жыхарка:

«А другой гадзіне ўначы мы пачулі вельмі гучны гук. Мы выйшлі на вуліцу і ўбачылі разбітыя вокны. Мы і нашыя дзеці жахнуліся. Мы не ведалі, што побач ёсць амерыканская база. Мы не ведаем, чаму яны нанеслі ўдары».

Затое пра атаку ведалі спачатку ўлады Іраку, якіх папярэдзіў Тэгеран, а яны ў сваю чаргу паведамілі амерыканскім сілам. У выніку ніхто не пацярпеў. Відаць, адсюль такая спакойная рэакцыя амерыканскага лідара на, здавалася б, наўпроставую ваенную агрэсію.

Аб’ектыў
Іран: масавыя пратэсты і дыпламатычны скандал
2020.01.12 21:09

Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп заявіў:

«Нашыя ракеты вялікія, магутныя, дакладныя, смяротныя і хуткія. Мы працуем над процьмаю звышгукавых ракетаў. Але той факт, што мы маем вялізарнае войска і абсталяванне, тым не менш не азначае, што мы мусім іх ужываць. Мы гэтага не хочам. Амерыканская моц, мілітарная і эканамічная, – найлепшае папярэджанне».

Іран таксама гуляе цягліцамі. Шэраг мясцовых СМІ распавёў грамадзянам пра знішчэнне васьмідзесяці амерыканскіх жаўнераў. А іранскія генералы пагражаюць тым, што яшчэ маглі б паказаць амерыканцам… але пакуль не стануць.

Гаворыць Амір Алі Хаджызадэ, брыгадны генерал Корпусу стражаў Ісламскай рэвалюцыі:

«Мы наагул не хацелі нанесці стратаў, але ў любым выпадку знішчаныя многія дзясяткі амерыканцаў. Калі б мы хацелі нанесці моцныя страты, мы б знішчылі прынамсі 500 амерыканцаў на гэтых базах. Калі б яны адказалі, то ў нас падрыхтаваны план знішчэння соцень амерыканскіх жаўнераў».

Як ні дзіўна, але ракетны ўдар стаўся… дээскалацыяй канфлікту, мяркуюць адмыслоўцы.

Каментуе Магдалена Эль Гамары, экспертка ў справах тэрарызму, Варшава:

«Іран рэалізаваў акцыю, якую можна назваць сімвалічнаю. Мы ведаем, што насамрэч нічога не здарылася. І, канечне, кожная краіна распавядае гісторыю неверагоднага поспеху. Але мы маем сітуацыю, калі ніхто не хоча рэальнае вайны. Менавіта таму няма не толькі ахвяраў, а нават і знішчанай інфраструктуры».

Саюзнікі ды супернікі Ірану. Графіка belsat.eu

У рэгіёне Іран мае падтрыманне ў ахопленым грамадзянскаю вайной Емене, Ірак мог бы стварыць сур’ёзныя праблемы амерыканскім сілам на сваёй тэрыторыі. Але галоўны хаўруснік Тэгерану – рэжым Башара аль-Асада, што з дапамогаю Крамля аднаўляе моц. Безумоўна, у Пэнтагоне разважалі пра рашучы адказ на ракетны ўдар, але наступствы былі б не толькі ваенныя.

Гаворыць Крыс Гіл, былы амбасадар ЗША ў Іраку:

«Галоўнае пытанне – што мы робім далей: ці мы атакуем іранскія цэлі, ці мы наносім удары па нафтавай індустрыі? Трэба быць вельмі асцярожнымі тут. Я насамрэч не ўпэўнены ў тым, ці мы хочам пачаць нафтавую вайну, з прычыны якой вырастуць кошты на запраўках па ўсім свеце».

Адразу пасля ліквідацыі генерала Касэма Салеймані кошты на нафту скочылі ўгару да ўзроўню 2013 года. Аднак пасля прамовы Трампа хутка пайшлі ўніз. Самыя словы амерыканскага лідара гучалі хутчэй як перадвыбарчы зварот. Абвінавачанні папярэднікаў і абвяшчэнне Салеймані ледзь не тэрарыстам нумар адзін у свеце.

Аб’ектыў
Іран прызнаўся ў збіцці самалёту. Але віну ўсклаў на ЗША
2020.01.11 21:41

Доналд Трамп:

«Напярэдадні ён планаваў новыя атакі па амерыканскіх цэлях, але мы яго спынілі. Рукі Салеймані па локаць у амерыканскай ды іранскай крыві. Яго трэба было знішчыць даўным-даўно».

Касэм Салеймані знішчаў апазіцыю ў Іране, пашыраў уплыў Тэгерану ў рэгіёне і разам з гэтым быў зацятым праціўнікам гэтак званай Ісламскай дзяржавы. Менавіта ён меўся пераканаць Пуціна ўмяшацца ў вайну ў Сірыі. І не замінаў амерыканскім і курдскім сілам, што змагаліся з гэтым агульным ворагам.

Каментуе Мікалай Дʼю-Гундэрсан, кандыдат навук, Універсітэт Кінгстану, Вялікая Брытанія:

«Прычына такой рэзкай рэакцыі на смерць генерала менавіта ў тым, што ён быў тым, хто спрычыніўся да спынення «Ісламскае дзяржавы» ў рэгіёне. Таму даволі іранічна, што цяпер Трамп заклікае Іран разам змагацца з джыхадыстамі. Відавочна, што нас чакаюць вельмі цяжкія, але непазбежныя перамовы за круглым сталом».

Фота + Відэа
Пратэсты ў Іране: сілавікі выкарысталі спецсродкі, затрыманы брытанскі амбасадар
2020.01.12 08:13

Іран мае доўгую гісторыю канфлікту з ЗША. У сярэдзіне мінулага стагоддзя Вашынгтон і Лондан зрынулі дэмакратычна абранага прэмʼер-міністра Ірану Магамэда Масадэга, які хацеў нацыяналізаваць нафтавую галіну краіны. На ягонае месца прыйшоў прыхільны да ЗША шах Магамэд Рэза, які ўсталяваў жорсткі аўтарытарны рэжым і спрабаваў парваць з многімі ісламскімі традыцыямі. Уласна апошняе і стала выракам шаху. У выніку рэвалюцыі 1979 года да ўлады прыйшлі фундаментальныя ісламісты, што два гады ўтрымлівалі ў палоне персанал амерыканскай амбасады. Напрыканцы васьмідзясятых у іракска-іранскай вайне ЗША падтрымлівалі рэжым Садама Хусэйна і памылкова збілі ракетай іранскі пасажырскі самалёт. Больш за дзесяць гадоў – ужо ў двухтысячных – працягваліся перамовы для прыпынення іранскай ядравай праграмы, што скончыліся здзелкаю. З Ірану знялі санкцыі, а ён прыпыніў распрацоўку атамнай зброі. ЗША пазалетась выйшлі з дамовы, заявіўшы, што Іран не выконвае пагаднення. Доказаў гэтаму прадстаўлена не было.

Працягвае Мікалай Дʼю-Гундэрсан:

«Еўропа ніколі не была задаволеная гэтым рашэннем. Яны раззлаваныя і вінавацяць Трампа ў тым, што ён выйшаў з дамовы ў аднабаковым парадку. І цяпер гучыць даволі смешна, што Трамп хоча большага падтрымання NATO. А ў адказ краіны альянсу кажуць, што ўжо дастаткова ўцягнутыя ў гэта».

Абмен аплявухамі ў выглядзе забойства Салеймані з дзясяткам памочнікаў і бясшкоднага абстрэлу амерыканскіх базаў, які Тэгеран падае як крывавую перамогу, мог бы і завяршыць канфлікт. Але пабочнаю ахвяраю, стаў украінскі «Боінг» з 176 асобамі на борце, які збілі ў Іране ў сераду.

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 10.01.2020

Іншыя тэмы выдання:

 

 

 

Стужка навінаў