Стасункі паміж ЗША і Іранам зноў абвастрыліся: прэзідэнт Доналд Трамп заявіў аб увядзенні новых антыіранскіх санкцыяў, а Тэгеран папярэдзіў аб жорсткім адказе на любыя агрэсіўныя дзеянні з боку Вашынгтона. Пра гэта паведамляе golos-ameriki.ru.
Трамп у гутарцы з журналістамі заявіў аб увядзенні «дадатковых санкцыяў», каб перашкодзіць Ірану распрацаваць ядраваю зброю. Што за санкцыі будуць уведзены – пакуль невядома. Прэзідэнт таксама не выключыў ваенных дзеянняў, паўтарыўшы, што ЗША «не дазволяць Ірану завалодаць ядравай зброяй». Ён дадаў, што, калі іранскія лідары адмовяцца ад ядравых амбіцыяў, іх краіна будзе багатай, а прэзідэнт ЗША стане «іх лепшым сябрам».
У сваю чаргу афіцыйны прадстаўнік МЗС Ірана Абас Мусаві ў інтэрв’ю журналістам заявіў, што Тэгеран не дазволіць нікому парушаць яго мяжы.
«Іран будзе жорстка супрацьстаяць любой агрэсіі або пагрозе з боку Амерыкі», – сказаў Мусаві.
Міністр замежных справаў Ірана Джавад Зарыф апублікаваў у суботу ў Тўітэры карты, на якіх, паводле ягоных словаў, відаць, што іранскія вайскоўцы знішчылі амерыканскі беспілотнік, калі ён здзяйсняў палёт над тэрытарыяльнымі водамі Ісламскай Рэспублікі. Нагадаем, ЗША сцвярджаюць, што беспілотнік збілі ў міжнароднай паветранай прасторы.
ІІ belsat.eu