Зроблена за кратамі. Якія тавары і для каго вырабляюць беларускія зняволеныя?


У сістэме Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС Беларусі існуе 15 прадпрыемстваў, дзе выкарыстоўваецца праца асуджаных. Belsat.eu вырашыў разабрацца, што вырабляюць беларускія вязні і ці парушаюцца пры гэтым іх правы.

Што вырабляюць вязні

Прадукцыя ДВП на выстаўцы. Фота – mvd-din.by

Большасць беларусаў так ці інакш сутыкаліся з таварамі, вырабленымі на прадпрыемствах ДВП – часам самі таго не ведаючы. Зняволеныя ў Беларусі вырабляюць тратуарную плітку, лазні, сметніцы, душавыя кабінкі, лаўкі, мангалы, дзверы, вокны, цвікі, сувеніры, мэблю, адзенне, абутак, прадукты харчавання (напрыклад, макароны і хлеб – у тым ліку для вайскоўцаў) і шмат чаго іншага. Асноўны пакупнік гэтай прадукцыі – дзяржаўныя ўстановы і арганізацыі, аднак набываюць яе і прыватныя асобы. Заробак зняволеным на рукі не выдаюць, а пералічваюць на іх асабістыя рахункі.

Часцей за ўсё працу вязняў выкарыстоўваюць на вытворчасці адзення і мэблі. Пры гэтым не варта думаць, што гаворка ідзе толькі аб вытворчасці таннай прадукцыі. Напрыклад, цана на набор мяккай мэблі на прадпрыемстве «Адзінаццаць» (звычайна назвы прадпрыемстваў адпавядаюць нумару калоніі, пры якой яно было створана) дасягае 1,5 тысяч рублёў – прадугледжана нават купля такога тавару ў растэрміноўку.

Скрыншот з сайту «Папраўчая ўстанова №5» (г. Івацэвічы)

Іншае прадпрыемства, што спецыялізуецца на вытворчасці мэблі – «Папраўчая ўстанова №5» (г. Івацэвічы) – зусім нядаўна апынулася ў цэнтры карупцыйнага скандалу. Паводле Генеральнай пракуратуры, дырэктар прадпрыемства пры івацэвіцкай калоніі арганізаваў пастаўкі беларускай мэблі за мяжу, за што цягам 4 гадоў атрымліваў хабары ад прадстаўнікоў французскай кампаніі – агульная сума склала больш за 207 тыс. еўра. Цяпер топ-менеджара сістэмы ДВП чакае суд.

Афрыканскім сілавікам – ад беларускіх вязняў

Фірмовая крама пры калоніі №4 у Гомлі

Зняволеныя практычна цалкам забяспечваюць адзеннем беларускую міліцыю – шыюць ім ад форменных кашуль і куртак да пілотак, фуражак і берэтаў. Асноўны пастаўшчык форменнага абмундзіравання для беларускіх сілавікоў – прадпрыемства «№4» пры гомельскай жаночай калоніі. Гомельская калонія знаходзіцца ў межах гораду, на вуліцы Антошкіна. На гэтай жа вуліцы працуе фірмовы магазін, дзе можна набыць міліцэйскую і вайсковую форму, адзенне для медыкаў, рабочых і спартоўцаў, звычайныя курткі і сумкі, і нават беларускія вышыванкі.

Скрыншот з сайту rup4.by

Цікава, што зняволеныя ў Гомлі працуюць і на замежны рынак. Так, напрыклад, у ДВП плануюць шыць форму для сілавікоў Зімбабве і Рэспублікі Мазамбік – адпаведныя перамовы прайшлі сёлета.

Дэлегацыі з Зімбабве прэзентуюць вайсковую форму, зробленную адмыслова для Афрыцы. Фота – mvd-din.by

Тавары для дзетак

Прадпрыемства пры гомельскай калоніі шые і хакейную форму – у тым ліку для дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву «Дынама». Дарэчы, форму для дзяцей вязні сталі шыць па асабістай ініцыятыве міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча. Ініцыятыву ўхваліў Аляксандр Лукашэнкі.

«Што, для дзетак там форму не сшыюць? Прытым для любога віду спорту. І грошы застануцца ў нас, і капейкі гэта будзе каштаваць», – заявіў Лукашэнка ў траўні 2017 года.

У ведамстве Шуневіча вырабляюць таксама і хакейную клюшкі – новы ўзоры гэтай прадукцыі ў лістападзе 2017 года міністр асабіста прэзентаваў кіраўніку дзяржавы.

Ігар Шуневіч прэзентуе клюшку, якую вырабілі асуджаныя. Фота – mvd-din.by

Навіна пра тое, што беларускія вязні шыюць спартовую форму для дзяцей летась актыўна абмяркоўвалася ў інтэрнэце, некаторыя каментатары ставілі пад сумнеў этычнасць гэтага рашэння. Аднак хакейная форма – гэта не адзіная прадукцыя ДВП, якой карыстаюцца дзеці. Напрыклад, зняволеныя аршанскай калоніі вырабляюць дзіцячыя санкі, горацкай калоніі – дзіцячыя ложачкі, а вязні ПК-20, што ў Мазырскім раёне, элементы дзіцячай пляцоўкі – горкі, арэлі і пясочніцы.

Вязні працуюць на гігантаў беларускай прамысловасці

Партнёрамі прадпрыемстваў Дэпартамента выканання пакаранняў з’яўляюцца топавыя прамысловыя гіганты Беларусі. Зняволеныя выпускаюць прадукцыю для дзясяткаў беларускіх заводаў, сярод якіх – МАЗ, МТЗ, БелАЗ, «Амкадор», «Белшына», «Белкамунмаш», «Менскі вагонарамонтны завод», «Керамін» і нават беларуская «дачка» швейцарскага канцэрну «Штадлер». Напрыклад, прадпрыемства «Чатырнаццаць» спецыялізуецца на запчастках і камплектуючых для беларускіх трактароў – вырабляе радыятары, глушыцелі, бакі і г.д. На прадпрыемстве «ПК-12 Вал» вырабляюць камплектуючыя для чыгункі.

Усе прадпрыемствы ДВП маюць уласныя сайты, дзе можна азнаёміцца ​​з пералікам іх прадукцыі і паглядзець прайс. Некаторыя прадпрыемствы маюць нават свае фірмовыя крамы. Так, напрыклад, у Ваўкавыску працуе фірмовая крама прадпрыемства «Адзінаццаць», дзе можна набыць мэблю. У Гомлі існуе ўжо згаданая крама на вуліцы Антошкіна.

У Менску прадукцыя, створаная рукамі зняволеных, можна знайсці ў шэрагу дзяржаўных гандлёвых кропак.

Праца вязняў – прымусовая

Паводле Крымінальна-выканаўчага кодэксу Беларусі зняволеныя абавязаны працаваць падчас адбыцця пакарання (арт. 98). Адміністрацыя калоніі мусіць знаходзіць працу для вязняў з улікам іх фізічных магчымасцяў і кваліфікацыі. Вязні пенсійнага ўзросту могуць не працаваць.

Праваабаронцы лічаць, што працоўныя правы зняволеных у Беларусі сістэматычна парушаюцца.

Павел Сапелка. Фота – spring96.org

«Існуе пэўны комплекс праблемаў, які пачынаецца з таго, што толькі частка нормаў працоўнага права распаўсюджваецца на зняволеных, – кажа ў інтэрв’ю belsat.eu праваабаронца Павел Сапелка, – З імі не заключаюцца працоўныя кантракты, для іх не прадугледжаны ільготы. Аднак самае важнае тое, што праца зняволеных мае прыкметы прымусовай працы. Яна звычайна не аплочваецца належным чынам, а зняволеныя не могуць адмовіцца выконваць працу. Вельмі часта адміністрацыя прызначае зняволеных да працаў, якія не адпавядаюць фізічным дадзеным вязні і ягоным навыкам. Крымінальна-выканаўчы кодэкс Беларусі расцэньвае адмову ад працы як парушэнне ўмоваў адбыцця пакарання, што караецца прыцягненнем да дысцыплінарнай, а часам і да крымінальнай адказнасці. Як мінімум, зняволены пазбавіцца магчымасці ўмоўна-датэрміновага вызвалення».

У фірмовай краме ў Гомлі. Фота – http://rup4.by

Вязні працуюць і ў заходніх краінах, прычым не рэдка працу зняволеных выкарыстоўваць сусветна вядомыя гандлёвыя брэнды. Аднак Павел Сапелка адзначае, што ў дэмакратычных краінах да працоўнага пытання ставяцца інакш, чым у Беларусі:

«Там гэта пераважна не ўспрымаецца як абавязак. Адміністрацыя папраўчых установаў схіляе вязняў да працы, спрабуе знайсці для зняволеных нейкі занятак, які б адпавядаў узроўню адукацыі і фізічным магчымасцям. Але гэта звычайна не ўплывае на тое, будзе ён прыцягнуты да дадатковай адказнасці або не».

«Міжнародны пакт аб грамадска-палітычных правах кажа пра тое, што праца не з’яўляецца прымусовай, калі яе прызначылі судом у межах крымінальнага пакарання. Аднак у нас дэ-факта няма такога пакарання – у нас жа няма катаргі. Таму праца мусіць быць сродкам рэабілітацыі і перавыхавання, аднак дакладна сродкам пакарання. А тыя ўмовы, у якіх часам працуюць нашыя вязні мае прыкметы жорсткага і зняважлівага абыходжання», – рэзюмуе ён.

Ігар Ільяш, belsat.eu

Стужка навінаў