«Зоркавыя войны: эпізод IX». Глядзім уважліва, але без эмоцыяў

Сяргей
Філімонаў
аўтар праграмы «Відзьмо-невідзьмо»

Франшызу «Гары Потэр» глядзелі, у асноўным, падлеткі. Але яны выраслі. Фільмы сусвету «Марвэл» былі папулярныя цягам недзе 15–20 гадоў, хоць напалову складаліся з самапаўтораў. А «Зоркавыя войны» зрабіліся галоўным творам маскульту канца XX – пачатку XXI стст. Ужо 42 гады «Войны» прыцягваюць увагу старых фанатаў і ствараюць іх новыя полчышчы.

Кадр з фільма. Фота: Lucasfilm

Гісторыя франшызы доўгая і заблытаная – нават калі скласці храналогію выхаду эпізодаў у пракат. IV (1977), V (1980), VII (1983), I (1999 г.), II (2002), III (2005), VII (2015), «Ізгой адзін» (2016), VIII (2017), «Сола »(2018), IX (2019). Глыбокі выдых. Сага завяршылася. Праўда, яшчэ можна глядзець шматлікія серыялы на тэму «Зоркавых войнаў», а ў 2022-2026 кампанія «Дыснэй» «спячэ» яшчэ адну трылогію, з іншымі імёнамі і з дзеяннем, якое разгорнецца ў іншыя эпохі.

Кадр з фільма. Фота: Lucasfilm

У апошнія гады найбольш удалым эпізодам франшызы быў VII «Абуджэнне сілы», зняты рэжысёрам Джэй Джэй Эйбрамзам. Восьмы эпізод «Апошнія джэдаі» (рэж. Раян Джонсан) быў сумнаватым, блытаным, і, увогуле, не асабліва патрэбным. Спін-офы «Ізгой адзін» і «Сола» атрымаліся нядрэннымі. Але ў мінулым годзе гледачы не спяшаліся на чарговую серыю франшызы і «Сола» у выніку праваліўся ў пракаце. Назіральнікі зафіксавалі стомленасць публікі. Цяпер нават цікава, ці зраўняецца дзявяты эпізод «Зоркавых войнаў» па касавых зборах з папярэднімі серыямі?

Рэжысёра Джэй Джэй Эйбрамза вярнулі ў крэсла камандзіра, каб ён звязаў усе сюжэтныя лініі франшызы ў нейкае падабенства эпічнага завяршэння. Гэта вельмі таленавіты чалавек, якому ўдалося асвяжыць і перазапусціць іншую сагу – «Зоркавы шлях». І зараз Джэй Джэй спрабуе зрабіць усё магчымае: экшн не спыняецца ні на хвіліну, сюжэтныя пралікі запаўняюцца дробнымі дэталямі, перадышкі ад няспыннага дзеяння перапоўненыя містыкай і пачуццямі… Але практычна мы не бачым нічога новага. Час ад часу старыя героі робаты, якія ўвесь час круцяцца ў кадры, выглядаюць на ламачча, а матывацыі герояў нагадваюць пра мыльныя тэлесерыялы, дзе раптам высвятляецца, што ўсе ўдзельнікі з’яўляюцца адзін аднаму сваякамі. На эпізодзе VII глядач здзіўляўся, заміраў, смяяўся, рэагаваў. На эпізодзе VIII – пазяхаў або нават спаў. Свежы эпізод IX – глядзеў уважліва, але без асаблівых эмоцый.

Сюжэт

Вельмі ўмоўны і не складаны. З мёртвых паўстае цёмны імператар Палпатын. Ён валодае сілай, якой няма роўных у свеце. Спачатку ён загадвае Кайлі Рэну (Эдам Драйвэр) забіць Рэй (Дэйзі Рыдлі). Вучань Люка Скайўокера Кайлі Рэн – галоўная надзея сіл Цемры. Рэй – галоўная гераіня фільма, апошняя з джэдаяў. На яе спадзяюцца ўсе сілы Свету. Затым імператар бачыць у супрацьлеглых героях палавінкі аднаго цэлага і мяняе свае планы. Куча дробных сюжэтных лініяў з папярэдніх серый проста знікае. Але гэта тут і не галоўнае.

Кадр з фільма. Фота: Lucasfilm

Спецэфекты

Яны на сваім месцы. Старыя прыёмы, кшталту скачкоў у гіперпрастору, ператвараюцца ў каскады. А новыя? Я не памятаю нічога параўнальнага з бітвай герояў пад марскімі хвалямі вышынёй у хмарачос. Выглядае вельмі эфектна. Баі ў космасе, знішчэнне планет, пагоні і ўжыванне сілы – усё гэта моцна паходзіць на сёмы эпізод, які быў зняты гэтым жа рэжысёрам. Можна сказаць, што Джэй Джэй Эйбрамз цытуе сам сябе і робіць гэта даволі паспяхова. У рэшце рэшт «Зоркавыя войны» – гэта не філасофская прытча аб схаваных сэнсах. Праўда, новая серыя моцна апелюе да настальгічных пачуццяў фанатаў франшызы. Гэтага ў яе не адняць.

Кадр з фільму. Фота: Lucasfilm

Простыя ісціны

Навошта патрэбныя грандыёзныя бітвы ў космасе, калі ў адказны момант злы імператар або добрая Рэй здольныя выпусціць з рукі сноп энергетычных маланак, які вырашае зыход бітвы? Страх набліжае цябе да Цёмнага баку сілы. А бясстрашнасць? Праўда, калі не чапляцца да такіх момантаў, дык грандыёзнасць таго, што адбываецца, пераважвае ўсё іншае ў фільме.

Вердыкт: 6 з 10

«Скайўокер. Усход» – канкрэтна не горшы эпізод франшызы. І не такое пафаснае заканчэнне цыклу, як было ў «Мсціўцаў». У гэтым плюс. Тут значна больш руху і амаль адсутнічае сусветны смутак. А калі фільм збярэ глабальную касу ў раёне 1 млрд долараў, то ў запланаванай наступнай трылогіі зʼявіцца новая «новая надзея». Мая ацэнка: 6 з 10.

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў