«Zомбілэнд: Кантрольны стрэл». Што змянілася цяпер?

Сяргей
Філімонаў
аўтар праграмы «Відзьмо-невідзьмо»

«… Мачыць у сарціры, каб зрабіць Амерыку вялікай зноў!» – гэта не слоган, проста цытата з фільма. Ніякіх паліткарэктнасцяў! Ніякага спуску ні левым, ні правым, ні тым, хто зверху ці знізу. З часоў першай частцы, якая стала культавай для аматараў камедый у стылі трэш, прайшло 10 гадоў. Што змянілася ў свеце кіно за гэты тэрмін? Шмат што: Эма Стоўн зрабілася ледзь не галоўнай галівудскай зоркай, яна зрывае Оскары або намінацыі, як грушы, пасля «Ла ла Ленд» і «Фаварыткі». Ўудзі Харэлсан за гады настаяўся як вытрыманы каньяк. Джэсі Айзенберг адначасова заслужыў і «Залатую маліну», і статус актора, якога няспынна запрашаюць у буйныя праекты. Толькі Эбігэйл Брэслін захавалася ўсё той жа зорачкай з «Маленькай міс Шчасце». Біл Мюрэй зноў тут у эпізодзе: «Не цярплю панядзелкі!»

Прызнаюся адразу: гэтая брудная трэш-камедыя заслужыць ад мяне толькі СТАНОЎЧУЮ рэцэнзію! І нават болей: я не сумаваў ні хвіліны падчас прагляду. І яшчэ больш: я не адмовіўся б паглядзець «Zомбілэнд: Кантрольны стрэл» яшчэ раз!

Чаму? Па простых прычынах. Мабільная і дакладная камера. Якая заслугоўвае максімальнай хвалы. Кожны герой на сваім месцы. Яго ні многа, ні мала, а роўна столькі, каб сказаць свой жарт. І дзеянне спяшаецца далей. Жарты, сарказм, кепікі амаль не ўціскаюцца ў адведзены ім час. Трэш пырскае з экрана бутафорскай крывёй, брудам, рэшткамі поп-культуры. Тук-тук, памятаеце? Апакаліпсіс ужо ў мінулым! Вельмі добра глядзець у арыгінале, але і дубляж цалкам сабе годны.

Героі вандруюць па «выдатных ленінскіх мясцінах»: ад Белага Дома да жылля караля поп-музыкі Элвіса Прэслі. За 10 гадоў і радыкальныя левакі, і абаронцы традыцыйных каштоўнасцяў у амерыканскім грамадстве зрабіліся занудамі: занадта сумнымі, занадта сурʼёзнымі і нават варожымі. Ім не спадабаецца ні сюжэт, ні жарты, ні гэты фільм цалкам. Таму што сцэнарысты намагаліся, каб другая частка «Зомбілэнда» была не горш за першую. Такой жа расхрыстанай, такой жа лёгкай. Камедыяй, для якой няма нічога святога. І што самае дзіўнае – ім гэта ўдалося!

Кадр з фільма «Zомбілэнд: Кантрольны стрэл»

Партрэты прэзідэнтаў, знакамітыя дыяменты, рускі або чыйсьці яшчэ «свет», фетышы рок-н-ролу, касцюмы Элвіса – усё гэта толькі дурныя ўмоўнасці, якія ў свеце пасля апакаліпсісу не маюць ніякага сэнсу. А што будзе мець сэнс? Адзінства? Падтрымка? Сябры? Сямʼя? Магчыма. Тое, што па легендзе было ў чалавецтва ў часы пабудовы Вавілонскай вежы. Праўда, хіпі, якія выступаюць за свет кахання, дзе няма зброі і гвалту – гэта самы ідыёцкі эпізод ва ўсім сіквэле. Прынцыпы не выратуюць ад грубай сілы. Бо зомбі мутавалі і зрабіліся амаль разумнымі.

Калі захацець, то фільму можна выставіць плойму прэтэнзіяў. Адкуль праз гады пасля апакаліпсісу ўсюды ёсць электрычнасць? Чаму героі мяняюць машыны, як пальчаткі, але ўсё аўто ездзяць, не патрабуючы запраўкі? Спіс такога кшталту пытанняў доўгі. Адказ просты: людзі, а вы ўсе казкі лаеце за тое, што ў іх шмат чараўніцтва? Ці не разумееце, што такое трэш камедыя жахаў? Ці ў вас няма пачуцця гумару? Тады вам не сюды.

На прэм’еры стужкі. Фота Columbia

Мая адзнака 8 з 10.

Не здзіўлюся, калі «Zомбілэнд: Кантрольны стрэл» апынецца больш жвавым, чым абяцаны новы «Тэрмінатар», які стартуе на наступным тыдні. Прынамсі, гэты фільм лепшы за некласічныя сіквэлы «Тэрмінатара» разам узятыя.

Кадр з фільма «Zомбілэнд: Кантрольны стрэл»

Сяргей Філімонаў belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў