Змякчэнне каранціну: Чэхія адкрыла межы


Чэхія стала першай краінай у Еўропе, якая адкрывае свае межы пасля локдауну, піша сайт Novinky.cz

Урад краіны дазволіў сваім грамадзянам з 24 красавіка выязджаць за мяжу, у тым ліку на адпачынак у іншыя краіны. З гэтага ж дня адменена забарона на свабоднае перамяшчэнне па Чэхіі, абвясціў міністр аховы здароўя Адам Войцэх у пятніцу.

Акрамя таго, Чэхія аслабіла забарону на ўезд замежнікаў, каб дапусціць у краіну студэнтаў і тых, хто ўязджае па дзелавой візе.

Грамадзяне Чэхіі і замежнікі пры ўездзе ў краіну будуць павінны атрымаць адмоўны тэст на каронавірус і правесці 14 дзён у ізаляцыі.

Адначасова грамадзянам Чэхіі дазволілі збірацца групамі да 10 чалавек (раней можна было толькі па два). З 27 красавіка па плане ўраду будзе адноўлена навучанне ў ВНУ, адкрыюцца крамы плошчай да 2500 квадратных метраў, фітнес-цэнтры і бібліятэкі. З 11 траўня, як чакаецца, пачнуць працаваць ГЦ і цырульні, з 25 траўня – рэстарацыі і гатэлі.

Улады Чэхіі адзначылі, што паслабленні могуць адмяніць, калі сітуацыя з каронавірусам пагоршыцца.

Чэхія была адной з першых краін ЕЗ, якая закрыла свае межы праз пандэмію. Абмежаванні на выезд дзейнічалі з 16 сакавіка. Каронавірус у гэтай краіне выявілі ў 7138 чалавек, з іх памерлі 210 чалавек, паправіліся больш за 2100.

КА belsat.eu

Стужка навінаў