Змітрака Бядулю перапахаваюць у Менску


Парэшткі класіка беларускай літаратуры Змітрака Бядулі прывезлі ў Менск дзеля перапахавання, паведаміў Аляксандр Сапега, кіраўнік Асацыяцыі беларусаў Швейцарыі, якому даверылі арганізаваць перапахаванне, паведамляе радыё Свабода.

У эксгумацыі парэшткаў Бядулі ў Казахстане бралі ўдзел 40 чалавек. Увечары 26 лютага парэшткі даставілі ў Менск.

Дакладны час і месца перапахавання пакуль не называюцца, аднак Сапега сказаў, што гэта будзе «у вельмі годным месцы».

«Запэўніваю, што перапахаваны Бядуля будзе на тэрыторыі гораду Менску, у вельмі годным месцы», – сказаў ён.

Пісьменнік, паэт Змітрок Бядуля

Паводле слоў Сапегі, перамовы аб перапахаванні класіка вядуцца «і з Менгарвыканкамам, і з Міністэрствам культуры».

«Уражанні, што дзяржава не прымае ўдзел – памылковыя, такія сур’ёзныя справы вырашаюцца разам, але робяцца ціха», – дадаў ён.

Змітрок Бядуля (сапраўднае імя Самуіл Плаўнік) – аўтар рамана «Язэп Крушынскі», аповесці «Салавей», а таксама паэмаў, баек і апавяданняў. Ён памёр у 1941 годзе па дарозе ў эвакуацыю недалёка ад Уральска ў Казахстане.

КА belsat.eu

Стужка навінаў