Змена Македоніяй сваёй назвы – качка брытанскіх журналістаў (адноўлена)

Паводле аўтарытэтнага выдання «The Guardian», 24-гадовая спрэчка паміж Македоніяй і Грэцыяй магла неўзабаве скончыцца. Выданне цытавала прэмʼера Македоніі Ніколу Груеўскага, які нібы казаў пра гатовасць да перамоваў аб змене назвы краіны. Груеўскі зняпраўджвае гэтую інфармацыю.

Македонскі прэмʼер імгненна адрэагаваў на брытанскі артыкул:

«Я ніколі не казаў нічога падобнага. І мы паклічам «The Guardian» да адказу».

Грэцка-македонскі канфлікт аб назве Македоніі распачаўся пасля распаду Югаславіі. Грэкі кажуць пра грэцкае паходжанне назвы і лічаць яе часткай сваёй гістарычнай спадчыны. Грэцыя пачала блакаваць уваход Македоніі ў Еўразвяз і НАТА – да моманту, пакуль македонцы не перастануць эксплуатаваць «іхную» назву. У дадатак яны наклалі гандлёвае эмбарга на паўночную суседкі, пасля чаго Македонія пагадзілася стаць Былой югаслаўскай Рэспублікай Македоніі (FYROM).

Справа ў грошах: пасля выхаду на агульнаеўрапейскія рынкі македонцы маглі б ужываць назву краіны ў дачыненні да традыцыйных грэцкіх харчоў.

З цягам часу шматлікія краіны пачалі асуджаць пазіцыю Афінаў. Чатыры з пяці сталых чальцоў Рады бяспекі ААН – Кітай, Расея, ЗША і Вялікая Брытанія – прызналі дзяржаву пад назвай «Рэспубліка Македонія». Да іх таксама далучылася Беларусь.

У выніку Грэцыя паставіла новую ўмову: дадаць да назвы краіны прыметнік, які б указваў выключна на частку гістарычнага рэгіёну з такой назвай – напрыклад, «Верхняя» або «Паўночная».

«Мы хацелі б як мага хутчэй перайсці да дыялогу з Грэцыяй, каб знайсці рашэнне. І калі мы яго знойдзем, то звернемся да грамадзянаў, правядзем рэферэндум», – цытуе Ніколу Груеўскага «The Guardian» і дадае, што «краіна гатовая да дыскусіі аб змене назвы».

«Гэтае сцвярджэнне – журналіста, а не маё», – каментуе справу македонскі прэмʼер.

ДД, belsat.eu

Hавiны