Выкрадальнік туяў на праспекце Пераможцаў прызнаўся, што раней скраў саджанцы ядлоўцу і горнай хвоі


Злодзей, які скраў туі на праспекце Пераможцаў, прызнаўся, што і раней не раз учыняў падобнае злачынства. Беспрацоўнага жыхара сталіцы затрымалі літаральна праз содні пасля ўчынення злачынства. Следчы камітэт канстатуе, што насамрэч дрэвы і кусты досыць часта з’яўляюцца прадметам злачыннага замаху.

Затрыманы за крадзеж туяў на праспекце Пераможцаў прызнаўся, што вырываў туі па некалькі штук і складаў іх у мех, каб прадаць расліны на адным з рынкаў сталіцы. Калі выкрадзеныя туі былі прададзеныя, ён вяртаўся па наступныя.

Усяго мужчына выкраў больш за дваццаць кустоў. Папярэдняя сума шкоды складае больш за 800 рублёў. Па факце распачалі крымінальную справу па ч. 1 арт. 205 (крадзеж) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Акрамя таго, следчыя высветлілі, што гэты ж мужчына ў перыяд з 1 да 6 лістапада сёлета скраў больш за сорак туяў, ядлоўцаў, горных хвояў, што былі высаджаныя на праспекце Пераможцаў. Папярэдняя сума шкоды складае больш за 400 рублёў. У дачыненні мужчыны распачалі крымінальную справу паводле артыкулу «крадзеж, учынены паўторна».

Паводле СК толькі сёлета следчыя распачалі больш за дваццаць крымінальных справаў, звязаных з крадзяжом туй. Часцяком выкрадаюць саджанцы пладовых дрэваў, малінаў і арэхаў. Пік такіх злачынстваў прыпадае на вясну, аднак вядомыя выпадкі крадзяжу раслінаў і ў канцы восені. Прычынаю здзяйснення такіх злачынстваў – гэта свабодны доступ зламыснікаў да месцаў высадкі раслін.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў