«Жыццё не прайшло цэнзуры». БТ не пакажа тэлевыступу старшыні АГП


Мікалай Казлоў. Фота belsat.eu

Тэлевыступ лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова, які балатуецца кандыдатам у дэпутаты па Старавіленскай выбарчай акрузе № 105, не выйдзе ў эфір.

Гэта не першы відэазварот кандыдатаў ад АГП, якія не былі паказаныя дзяржаўным тэлеканалам «Беларусь 3». Раней у эфір не пусцілі прамовы Ірыны Давідовіч і Уладзіміра Няпомняшчых.

У каментары «Белсату» Мікалай Казлоў заявіў, што нічога асаблівага ў ягоным выступе не было. Паводле яго, асноўны акцэнт у звароце быў зроблены на неабходнасці сумленных выбараў.

«Я казаў пра тое, што выбары – гэта механізм мірнай змены ўлады. Увесь сэнс выбараў у гэтым. У тым, што людзі павінны абіраць. Пра тое, што неабходныя змены, думаюць, кажуць і спадзяюцца выбарнікі», – адзначыў лідар АГП.

У сваім выступе ён таксама звярнуў увагу на тое, што «25 гадоў будавалі дзяржаву для людзей, а пабудавалі жабрацкую, мафіёзную і наскрозь карумпаваную краіну, якая аддадзеная на разрабаванне набліжаным бізнесменам і чыноўнікам».

«Мы гэта бачым па «Табакерках» Алексіна. Па зносах і ўшчыльненнях у інтарэсах хакеіста Белага, сябра Лукашэнкі. Я казаў пра тое, што Беларусь бярэ крэдыты на ачыстку ваду і ў гэты ж час знішчае артэзіянскія свідравіны, вызваляючы тым самым ахоўныя зоны для катэджаў чыноўнікаў. Яскравы прыклад – шыкоўны дом былога міністра аховы здароўя Жарко», – распавёў Казлоў.

Сам факт непаказу свайго тэлевыступу палітык расцэньвае як палітычную цэнзуру.

«Здымаюць відэавыступы тых кандыдатаў, якія апісваюць рэальнае жыццё і чаканні людзей. Гэтае рэальнае жыццё не праходзіць дзяржаўнай цэнзуры. Яно настолькі непрыгожае, што калі людзі пачынаюць казаць пра яго, яны проста не праходзяць цэнзуру», – заявіў лідар АГП.

Мікалай Казлоў лічыць, што калі ў кагосьці ёсць пытанні да тэлевыступаў, то гэта павінна вырашацца праз суд. На яго думку, чыноўнікі не павінны вырашаць, які выступ паказваць, а які не.

Абноўлена
«Усю дарогу нас білі нагамі». Падрабязнасці затрыманняў у Курапатах
2019.11.04 06:29

Агулам старшыня АГП адзначыў, што апазіцыйныя кандыдаты, прынамсі ў Менску, маюць перавагу перад праўладнымі. Але, паводле яго, людзі разам з тым не вераць у сумленнасць выбараў і магчымасць абраць свайго кандыдата. Таму, мяркуе палітык, само галасаванне будзе вельмі пасіўным.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў