Жыцень, Жэўжык, Лазавік. Карысныя і шкодныя істоты беларускіх казак


Тыповая беларуская казка – гэта калі звышнатуральныя сілы дапамагаюць працавітым і робяць шкоду сварлівым ды гультаям.

У расейскіх казках Баба кагосьці пастаянна прагне зварыць і з’есці, а Ілля Мурамец і Змей Гарыныч хочуць забіць адзін аднаго. Беларускія казкі – больш гуманныя. Героі расейскіх казак – «добрыя» ды «злыя», у нашых – «карысныя» і «шкодныя».

Беларускія казачныя персанажы непарыўна звязаныя з гаспадаркай ды дабрабытам. Працавітым людзям міфічныя істоты заўсёды дапамагалі, а сварлівым гультаям рабілі шкоду.

Жыцень

У народных уяўленнях Жыцень убыў дзядулям з трыма вачыма, які хадзіў па палях ды агародах, спрыяў росту ды паспяванню збожжа з гароднінай. Ён апякаецца палямі ды земляробствам, дбайна ўтоптвае ў зямлю насенне, назірае, каб кожнае зярнятка прарасло. Жыцень можа пакрыўдзіцца на гаспадара, калі той нядбайна збірае калоссі ці растрэсвае іх па дарозе дадому. Жыцень збярэ іх ды аддасць больш адказнаму гаспадару. Тры вока яму патрэбныя, каб паспяваць назіраць за ўсімі гаспадарамі.

Гэтак нашыя продкі ўяўлялі Жыценя. Экспанат выставы «Старыя героі – новы свет. Героі беларускіх казак, міфаў і легендаў»

Нашыя продкі нават у дарослым узросце верылі ў міфічнага Жыценя, таму пасля Дажынак гаспадыні заўсёды плялі адмысловую «бараду» з калосся ды пакідалі ў поле на знак павагі ды падзякі Жыценю.

Жэўжык

Хіба кожнага з нас бацькі ў дзяцінстве называлі жэўжыкамі – тады думалася, што слова азначае «спрытнае дзіцё». На самой справе Жэўжыкам продкі называлі моцнага і спрытнага дзеда з доўгай барадой у чоўне ды з рагацінай.

Жэўжык

Жэўжык апякаецца рэкамі ды азёрамі. Жыве ён на самай глыбіні ды дапамагае людзям, лодка якіх перакулілася. Жэўжык спрытна падплывае ды сваёй рагацінай пераварочвае лодку назад, а калі ідзе моцны дождж ці вецер, то жэўжык можа спыніць гэтыя прыродныя з’явы, каб чалавек бяспечна даплыў да берагу.

Лазавік

Жыве ў дрыгве, сярод лазы, на беларускіх балотах. Уяўляўся нашым продкам  дзедам з пугаю ў руцэ ды адным вокам, што гарыць як агонь. Чалавечаму воку ён не бачны, але дапамагае тым, хто заблукаў сярод балотаў.

Лазавік

Сваёй пугай ён разганяе лазнікаў – мелкіх чарцянят, якія і заманьвалі вандроўніка ў дрыгву.

Ёўнік

Невялікая тоўстая істота з вялікімі вачыма, што дбала пра працавітасць, гаспадарлівасць і парадак, называлася Ёўнікам. Жыў гэты ён у ёўні – гаспадарчай пабудове, дзе малацілі і сушылі зерне.

Ёўнік

Дбаў Ёўнік пра агонь у пячы-сушэльні, таму і быў увесь у сажы. А калі хтосьці без дазволу гаспадара заглядаў у ёўню, гэтая казачная істота выскоквала ды пужала нечаканага госця.

Дамавік з дамавухай

Маленькія дзядуля з бабулькай, што жывуць пад печчу ды захоўваць у хаце дабрабыт.

Дамавікі

Яны падтрымлівалі агонь у пячы, ахоўвалі хату, адганялі злых духаў. Міфічныя істоты шанаваліся тым, што іх частавалі прысмакамі, якія кідалі за печ. Калі сям’я перасялялася ў новую хату, то забірала з сабой вуголле, такім чынам перавозячы з сабой сваіх хатніх «апекуноў». Калі гаспадары сварыліся, то дамавікі маглі пакараць завадзілы сваркі. Вінаваты мужык мог атрымаць па галаве граблямі, на якія «выпадкова» наступіў, а на вінаватую жанчыну мог «выпадкова» зваліцца мех з мукой ці зернем у ганку. Калі гаспадары хаты былі злымі людзьмі, то дамавікі сыходзілі ад іх шукаць новы дом. А на іх месцы з’яўляліся шкодныя казачныя істоты.

Злыдні

Калі дамавікі сыходзілі ды хата заставалася без абароны, тады да гаспадароў падсяляліся шкодныя істоты ў ботах або шапках вушанках – злыдні. Злыдні апісваюцца ў народных байках падобныя на катоў ды сабак.

Зграя Злыдняў

Сяліліся яны за печкай у злых людзей, гультаёў, злодзеяў, хапугаў ды рабілі ім шкоду. Зграя злыдняў магла за некалькі імгненняў стварыць вэрхал у хаце: выбіць з рук гаспадыні збанок з кашай, затушыць агонь у пячы, растрэсці муку, натаптаць на толькі памытай падлозе.

Шатаны

Заўсёды незадаволеныя рагатыя валацугі, якія перашкаджалі працаваць ды наганялі дэпрэсіўны настрой, называліся шатанамі.

Шатан. Экспанат выставы «Старыя героі – новы свет. Героі беларускіх казак, міфаў і легендаў»

Назва пайшла ад таго, што гэтыя казачныя істоты шаталіся туды-сюды цэлы дзень, палілі люльку ды нічога не рабілі. Гэтыя істоты ніколі нікому не дапамагалі, нават адзін аднаму. Шатан мог прычапіцца да чалавека за працай, і той, як бы не стараўся, усё роўна яе не зробіць. Шатаны – нячысцікі: яны баязлівыя і амаль бясшкодныя. Калі шатан стамляецца ад пастаяннага бадзяння, то ён сабе майструе новыя лапці ды кій.

Больш падрабязна азнаёміцца з героямі беларускіх народных казак і міфаў можна ў гарадзенскім музеі гісторыі і рэлігіі, наведаўшы выставу «Старыя героі – новы свет. Героі беларускіх казак, міфаў і легендаў». Да 12 лістапада.

АК

Стужка навінаў