Жыхарка беларускай вёскі пастанавіла аднавіць закінутую сажалку і атрымала на гэта грант Br 5,5 тыс.


Выміранне, алкагалізм, адсутнасць перспектываў – гэта тое, што мы найчасцей чуем пра беларускія вёскі. Пры гэтым улады працягваюць анансаваць новыя амбітныя праекты пад назваю «Вёска будучыні». Маладая жыхарка вёскі Серафімова Аліна Бардашун не збіраецца чакаць цудаў. Яна распрацавала ўрбаністычны праект для паляпшэння сваёй вёскі.

Аліна Бардашун атрымала на свой урбаністычны праект грант у памеры 5 500 рублёў. Яна распавяла Belsat.eu, як плануе ператварыць закінутыя вадаёмы ў месца для адпачынку і што трэба зрабіць, каб у кожнай беларускай вёсцы адбыліся такія змены.

– Мая вёска знаходзіцца ў 12 кіламетрах ад Менску, тут пабудавана 400 дамоў. Пры гэтым няма ніякай грамадскай прасторы. Ні лавачак, ні сцежак. Ёсць старая жалезная горка на пустцы. Толькі тэрыторыя могілак уладкаваная. Але гэта не самае лепшае месца для шпацыру, – кажа Аліна.

Паводле Аліны, у вёсцы ёсць закінутыя пажарныя сажалкі. Мінулай зімой яна з суседзямі каталася там каньках. І падумала: а чаму б не палепшыць тэрыторыю?

– Так нарадзілася простая ідэя: вычысціць сажалкі, паставіць пару лаваў, выкласці сцежкі і зрабіць дзіцячы комплекс.

Вось так прыкладна будуць выглядаць адноўленыя сажалкі.Фота – з архіву Аліны

Для рэалізацыі плану дастаткова 6-9 чалавек

Мясцовыя жыхары аднесліся да ідэі па-рознаму. Напрыклад, старшыня сельсавету Святлана Давальцова адразу зацікавілася прапановай і паабяцала дапамагчы з бруднымі працамі.

– Што датычыцца людзей, тут як і ўсюды. Шэсць чалавек ужо цяпер гатовы ісці ў бой: пілаваць, капаць, фарбаваць. Яшчэ трое гатовыя патэнцыйна. Пенсіянеры шчаслівыя, але яны рэальна могуць быць толькі менеджарамі праекту. Ёсць некалькі чалавек, якія кажуць: «а чаму мы самі павінны рабіць, усё роўна нічога не атрымаецца». Яшчэ шмат людзей з вёскі трэба апытаць, бо пакуль яны не выйшлі на сувязь. Але я ўпэўненая, што варта толькі пачаць, і кожны, у каго ёсць дзіця хоць мінімальна прыкладзе руку. А 6-9 чалавек – гэта ўжо дастаткова для рэалізацыі плана «мінімум».

Што плануецца зрабіць па праекту. Фота – з архіву Аліны

Ліхтары на сонечных батарэях і драўляныя горкі

Як менавіта збіраюцца ўладкаваць некалі кінутыя пажарныя сажалкі? Спачатку іх пачысцяць – у гэтай справе дапаможа сельсавет. Пасля пракладуць сцежкі, паставяць некалькі лаваў. Плануецца і спецыяльны драўляны комплекс – лаўкі, горка для дзяцей. Яго мясцовыя жыхары або зробяць самі, або замовяць у мясцовага прадпрымальніка.

– Набудзем і ліхтары на сонечных батарэях – столькі, на на колькі хопіць грошай. Лічу, што гэтага больш чым дастаткова для вёскі. Ведаеце, мы ўжо з гэтым будзем шчаслівыя, – кажа Аліна.

Але гэта толькі пачатак справы. Аліна кажа, што ў планах – падзяліцца з усімі сваймі ведамі.

Пакуль у вёсцы старыя жалезныя горкі, але Аліна задумала пабудаваць для дзетак вялікі драўляны комплекс. Фота – з архіву Аліны

– На працягу працы я буду рабіць інструкцыю, каб потым выкласці яе ў агульны доступ. Напрыклад, там будзе апісанне таго, як узгадніць ідэю з мясцовымі органамі ўлады. Таксама прыкладу туды чарцяжы асноўных архітэктурных формаў – каб, пры жаданні, актывісты з іншых населеных пунктаў змаглі паўтарыць мой вопыт.

Па словах Аліны, такімі праектамі могуць зацікавіцца маладыя мастакі і архітэктары. А фінансаваннем можа забяспечыць беларускі бізнес.

У межах праекту «Гранты 2.0» кампанія «Актывія» падтрымлівае сацыяльныя ініцыятывы, які маюць на мэце спрыяць актыўнай пазіцыі жанчын. Аліна Бардашун стала пераможцаю ў кірунку «Урбаністыка».

ЛП/Belsat.eu

Стужка навінаў