Жыхара Рагачова чакае суд за каментар у сацсетцы


Як паведамляе «Гомельская вясна», у судзе Рагачоўскага раёну 19 сакавіка распачнецца адміністрацыйны працэс у дачыненні да мясцовага жыхара Сяргея Аляксейкава. Супраць яго склалі адміністрацыйны пратакол, паводле абвінавачвання распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (артыкул 17.11 КаАП).

Летась 27 верасня на сваёй старонцы ў Фэйсбуку мужчына падзяліўся публікацыяй з заблакаванага сайта анархісцкай групы «Прамень».

«У райаддзеле капітан міліцыі Дзмітрый Мазакоўскі прад’явіў скан маёй старонкі ў Фэйсбуку. Каментуючы ў групе «За Еўрапейскую Беларусь» матэрыял пад назвай «Спецназавец са Слуцка да смерці забіў двухгадовую дачку», я напісаў: шуняўскі «тэатрал». Аказалася, што гэтая інфармацыя з заблакаванага сайта анархістаў, які ўнесены ў спіс экстрэмісцкіх», – тлумачыць Сяргей Аляксейкаў.

Згодна з ч. 2 артыкула 17.11 КаАП распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў цягне штраф ад 10 да 50 базавых велічыняў або адміністрацыйны арышт да 15 сутак.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў