Жыхара Мёраў звольнілі за ўдзел у Дні Волі, аднавілі на працы – і звольнілі зноў


У пятніцу раённы суд у Мёрах пастанавіў, што Аддзел культуры мясцовага райвыканкаму павінен выплаціць мужчыне Br 100 кампенсацыі матэрыяльнай шкоды.

Сяргей Васільеў – выпускнік БДУ (гістфак) і Інстытуту культуры (бібліятэказнаўства), сябар Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Да канца 2016-га быў беспрацоўным. На леташняй сустрэчы мёрскіх уладаў са старшынём КДК Леанідам Анфілавым ён распавёў пра сваю сітуацыю, і пасля чаго ўлады запрапанавалі яму пасаду дырэктара Дому культуры ў Туркава (у 30 кіламетрах ад Мёраў).

Паводле Васільева, практычна адразу пасля ўступлення на пасаду яго пачаў цкаваць старшыня Аддзелу ідэалогіі, культуры і справаў моладзі Мёрскага райвыканкаму Аляксандр Тронькін.

Гэтак, падчас адстутнасці на працы з-за медагляду, улады заявілі, што Васільеў прагульвае працу – і зрабілі папярэджанне.

Пасля таго, як 25 сакавіка Васільеў наведаў менскую акцыю, прысвечаную Дню Волі, яго звольнілі з працы за «сістэматычнае парушэнне працоўнай дысцыпліны». За гэта адзінагалосна прагаласавалі сябры прафсаюзнага камітэту. Праблема ў тым, кажа Сяргей Васільеў, што ён не сябра прафсаюзу, і вырашаць гэтае пытанне яны не маглі.

Сяргей Васільеў звярнуўся ў суд. У траўні суд пастанавіў, што звальненне было супярэчнае з правам, і спадара Сяргея аднавілі на пасадзе.

На пачатку чэрвеня падчас імпрэзы ў Доме культуры Аляксандр Тронькін прыбыў туды з міліцыяй і пачаў змушаць Васільева прайсці тэст на алкаголь. Калі ён адмовіўся, яго адвезлі ў Мёрскую больніцу, дзе дактары выдалі заключэнне аб тым, што ён знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення.

Васільеў сцвярджае, што практычна не ўжывае алкаголю.

Напрыканцы чэрвеня Аддзел культуры звольніў яго з пасады.

Паралельна Васільеў спрабаваў дамагчыся кампенсацыі матэрыяльнай шкоды, нанесенай звальненнем увесну.

22 верасня раённы суд у Мёрах пастанавіў аб выплаце Васільеву кампенсацыі ў памеры Br 100.

Скаргу на паўторнае звальненне Сяргей Васільеў не падаваў.

ДД

Стужка навінаў