Жыхара Магілёва судзяць за ўдзел у акцыі, на якой ён не прысутнічаў


Справу Ігара Шчамялёва разглядае суддзя суду Кастрычніцкага раёну Магілёва Жанна Пушкіна.
Фота: «Белсат»

«Я быў дома з сям’ёй і сябрам, а мяне судзяць як удзельніка сустрэчы аўтадому «Краіны для жыцця», – абураецца жыхар Магілёва Ігар Шчамялёў.

Увесь вечар 5 траўня Ігар Шчамялёў правёў дома ў другім раёне гораду – цвердзіць мужчына, таму на сустрэчы з блогерамі на Віцебскім праспекце – не прысутнічаў. На Ігара Шчамялёва склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэння паводле артыкулу 23.34 КаАП, за які прадугледжанае пакаранне ў выглядзе штрафу ці содняў.

«Я жыву на вуліцы 30 год Перамогі. Пра тое, што ў Магілёве 5 траўня адбыўся інцыдэнт на праспекце Віцебскім, даведаўся позна ўвечары з інтэрнэту. Першы раз міліцыянты прыйшлі да мяне 7 траўня, забралі ў РАУС на размову, пратрымалі там 2 гадзіны і адпусцілі са словамі «Мы выбачаемся, прынялі вас за парушальніка».

Ігар Шчамялёў у судзе.
Фота: «Белсат»

На наступны дзень 8 траўня прыйшлі ўжо іншыя супрацоўнікі РАУС і забралі мяне зноўку. Я паехаў на сваёй машыне, бо быў упэўнены, што гэта памылка. Але там мяне адразу пачалі пакаваць на суткі.

«Даставай шнуркі і паехалі. Патлумачыць сваю пазіцыю мне нават не далі», – кажа Ігар Шчамялёў.

Трое содняў Ігар правёў у ІВС, а 11 траўня яго прывезлі ў суд Кастрычніцкага раёну Магілёва. У якасці сведкі Ігар запрасіў свайго сябра, які 5 траўня быў у яго ў гасцях. Пасля сведчанняў сябра суддзя Жанна Пушкіна адклала разгляд справы да 14 траўня.

«Яшчэ было дзіўна, што адразу пасля той акцыі мне пачалі пісаць у тэлеграм невядомыя людзі. Яны запытваліся, ці быў я на той сустрэчы, ці не, дасылалі мне фотаздымкі адтуль. Я адказваў агульнымі фразамі, бо адразу зразумеў, што гэта нейкія правакатары», – узгадвае Ігар.

У судзе Ігар спрабаваў даказаць сведкам, што яны памыліліся.
Фота: «Белсат»

14 траўня свае сведчанні на судзе супраць Ігара Шчамялёва далі тры міліцыянты. Супрацоўнік ДАІ Артур Цярэшчанка выступаў у якасці сведкі амаль на ўсіх судах над удзельнікамі сустрэчы аўтадому 5 траўня на Віцебскім праспекце. Не стаў выключэннем і Ігар Шчамялёў, яго інспектар ДАІ нібыта апазнаў у натоўпе і нават запомніў, у чым ён быў апрануты. Хаця бацька Ігара Міхась Шчамялёў заявіў, што гэты сведка, як толькі з’явіўся ў судзе, паказаў на Ігара і спытаў у сваіх калег, ці «гэта ён ці не».

І тым не менш, на судзе Артур Цярэшчанка сказаў упэўненае «так», пацвердзіўшы прысутнасць Ігара Шчамялёва на акцыі. Тая ж самая сітуацыя паўтарылася і з двума другімі сведкамі з боку міліцыі. На пытанне Ігара, ці міліцыянты дапускаюць, што маглі памыліцца, усе яны адказалі адмоўна.

На судзе паказалі відэа з акцыі, на якім Ігара Шчамялёва няма.
Фота: «Белсат»

Прыйшоў час праглядаць відэазапіс, які маецца ў справе Ігара Шчамялёва ў якасці доказаў ягонай вінаватасці. Відэа вельмі добрай якасці, зробленае аператыўнікамі падчас правядзення сустрэчы блогераў з жыхарамі Магілёва ля ГЦ «Гіпа». На відэа сведкі ўказалі на лысага мужчыну з барадой і назвалі яго Ігарам Шчамялёвым.

«Дык гэта ж нейкі стары мужык, а Ігар – малады хлопец», – абурыліся прысутныя ў залі суда.

Ігар таксама заўважыў, што на відэа мужчына без павязкі на твару і таму добра бачна, што гэта зусім іншы чалавек.

«Ну што цяпер скажаце?» – задала пытанне сведкам суддзя Жанна Пушкіна.

І цішыня. Усе трое супрацоўнікаў праваахоўных органаў не ведалі, што ім адказаць. Пасля паўторнага прагляду і доўгага абмеркавання Ігар яшчэ раз перапытаў усіх трох сведкаў, ці ўпэўненыя яны зараз, што там быў менавіта ён. І атрымаў адказ ад праваахоўнікаў, што цяпер яны ўжо не могуць казаць упэўнена, што на акцыі прысутнічаў менавіта Ігар Шчамялёў.

Працяг разгляду справы Ігара Шчамялёва прызначаны на 29 траўня.
Фота: «Белсат»

Ігар Шчамялёў заявіў хадайніцтва, каб суддзя запрасіла білінг яго мабільнага тэлефону 5 траўня ў часе акцыі, каб спраўдзіць, дзе ён знаходзіўся. А таксама білінг прылады ягонага сябра, які выступаў сведкаю на судзе, каб пераканацца, што яны былі разам у той вечар.

Суддзя Жанна Пушкіна задаволіла хадайніцтва і прызначыла наступнае паседжанне па справе на 10:00 гадзін 29 траўня.

«Я думаю, што ў міліцыі быў пэўны план па колькасці затрыманых і яны выконвалі яго любым шляхам. Гэта так званая палачная сістэма. Яны паспяшаліся ў выпадку са мной і сапраўды дапусцілі памылку», – зрабіў выснову Ігар пасля суда.

Сведкамі ў судзе супраць Ігара выступілі тры супрацоўнікі МУС.
Фота: «Белсат»

Вольга Васільева Belsat.eu

Стужка навінаў