Жыхар Рэчыцы наездзіў 200 км, каб уратаваць жонку. Ёй не хацелі дастаць костку з горла


Уладзімір Новікаў праз некампетэнтнасць рэчыцкіх дактароў мог страціць жонку. Толькі аператыўнасць мужчыны ўратавала ёй жыццё.

Жудасная гісторыя здарылася 9 сакавіка амаль апоўначы. Жонка Уладзіміра Анастасія ела рыбу, і костка захрасла ў горле. Першапачаткова сітуацыю апісалі ў пабліку Речица LIVE.

Жанчына ўжо амаль не магла гаварыць і глытаць сліну.

Уладзімір адвёз яе ў прыёмны пакой паліклінікі на Трыфанава. Паводле мужчыны, усё трывала доўга, яго пыталі пра рыбу, памер косткі, а ў выніку заявілі, што трэба ехаць у шпіталь на вуліцы Сыдзько.

«Спачатку ўся гэта цягамоціна з пытаннямі. А пасля аказалася, што і так не могуць дапамагчы. А на Сыдзько ёсць ларынголаг і ён можа дапамагчы, але трэба паспець за 9 хвілінаў да паўночы. Мы скокнулі ў аўта – і туды. Пакуль знайшлі, якія дзверы, было 00:02. Там сказалі, што ларынголаг нас ужо не прыме, бо яе змена скончылася».

Медсястра агледзела Анастасію, але костку, якая апусцілася яшчэ ніжэй, не пабачыла. Медперсанал патэлефанаваў у прыёмны пакой на Трыфанава і папрасіў кансультацыі эндаскапіста.

«Атрымаўшы згоду, мы зноў прыехалі ў прыёмны пакой. Але нам сказалі, што эндаскапіст не паглядзіць жонкі, бо ён глядзіць толькі страўнік. У медычным цэнтры «Сям’я і здароўе» ёсць ларынголаг, але яны і мы не ведалі, ці будзе ён у нядзелю».

Таму нам прапанавалі пачакаць да 08:00. Перад Уладзімірам быў выбар: застацца ці ехаць у Гомель.

«Я папрасіў выпісаць хуткую. А нам сказалі: вы што, не пачакаеце 7,5 гадзінаў? Зразумеўшы, што няма чаго сварыцца, бо на коне жыццё жонкі, паехалі сваім аўтам у Гомель у кардыялагічны цэнтр на Медычнай 4, бо нашыя дактары сказалі, што ларынголаг там 24 гадзіны на содні. І таксама памыліліся».

На момант, калі сужэнства выязджала з Рэчыцы, у Анастасіі пачало балець вуха, стан пагоршыўся. У кардыялагічным цэнтры выявілася, што патрэбны доктар у нядзелю не працуе. Там ім падказалі больніцу на вуліцы братоў Лізюковых.

«У гэтай больніцы нас прынялі і надалі першую дапамогу. Костку доктар не вымаў, але выпісаў прэпараты, якія дапамогуць яе рассмактаць. А калі даведаліся, што мы з Рэчыцы прыехалі ў Гомель праз костку ў горле, мякка кажучы, здзівіліся. За ўвесь гэты час костка апусцілася на 2,5 см і моцна падрала горла».

У Рэчыцу сямʼя вярнулася каля пятай гадзіны раніцы. Уладзімір адзначае, што прэтэнзіі мае толькі да прыёмнага пакою.

«Яны нават не запісалі, што мы ў іх былі. Ёсць добрыя дактары, я і ларынголага разумею, якая сышла дадому. Але чаму ў нас замест трох адзін доктар? У Гомлі нас прыняў малады спецыяліст, а ў нас няма кадраў. Я плачу падаткі, а нам не надаюць нават першай дапамогі. А калі б не было аўта, дык трэба было б таксоўкаю ехаць?»

Мужчына пастанавіў, што не будзе падаваць скаргу на дзеянні медыкаў прыёмнага пакою Рэчыцкай цэнтральнай раённай больніцы.

Загадчык прыёмнага аддзялення Андрэй Караткевіч у каментары belsat.eu быў лаканічны. Ён сказаў, што не ведае пра сітуацыю, і паклаў слухаўку.

ДР belsat.eu

 

Стужка навінаў